На сацсеткавую краму “Маргарытка” пададзена ўжо больш за 100 заяваў у міліцыю
“Тавар проста не прыйшоў, — распавядае Таццяна, якая заплаціла “Маргарытцы” 400 беларускіх рублёў за бытавую тэхніку і тавары для дзяцей. — Я замаўляла яшчэ на пачатку лета, але мяне папярэдзілі, што будзе ісці вялікая партыя, таму прыйдзе ён не раней за жнівень-верасень. Я пагадзілася пачакаць, бо ведаю, што ў Маскве часта зніжкі бываюць, ды і мне асабліва не гарэла. Пасля паведамілі, што тавар будзе 8-10 верасня. А калі наступіла 10 верасня, тавар так і не прывезлі, і мы ўсе пайшлі пісаць заявы”.
Удзельнікам суполкі прапануюць набываць абсалютна розныя тавары (лядоўні, пралкі, дзіцячыя цацкі і іншае) па коштах, ніжэйшых за рынкавыя. Тлумачыцца гэта тым, што дастаўляюць тавар без пасярэднікаў, адразу з заводаў-вытворцаў. Але менавіта гэты факт, папярэджваюць арганізатары, часта выклікае праблемы са своечасовай дастаўкай. І кажуць: “Вы нецярплівыя і не можаце чакаць, не гатовыя да затрымак і гэтак далей, просім тады ў нас тавар не замаўляць”.
Паводле прэс-службы Партызанскага РУУС Мінска, “Маргарытка” трапляе ў крымінальныя зводкі не першы раз. Яшчэ напрыканцы 2014 года ў міліцыю звярнуліся 93 пацярпелыя, якія вінавацілі 25-гадовую арганізатарку бізнесу ў махлярстве.
“У лістападзе 2015 года судом Партызанскага раёна быў вынесены прысуд — чатыры гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады, бо падчас следства абвінавачаная зацяжарала, — напісана на сайце ГУУС. — Аднак свае незаконныя дзеянні дзяўчына ўзднавіла па старой схеме сумесна са сваёй маці, зарэгістраваўшы на апошнюю прыватную фірму”.
Старонкі ў сацыяльных сетках папросту працягнулі працаваць. Хіба толькі негатыўныя каментарыі ад падманутых раней пакупнікоў вычысцілі.
“Ведаеце, сапраўды карыстаюцца іх паслугамі, прычым, вялікая плынь людзей. Я калі зайшла на іх старонку, паглядзела, што на ёй вельмі шмат людзей, мусіць, тысячы паўтары было, — узгадвае знаёмства з “Маргарыткай” Таццяна. — Ну і вось, некалькі дзён таму я прыходзіла пісаць заяву ў міліцыю, дык там чарга стаяла чалавек дзесяць, каб таксама на “Маргарытку” напісаць”.
Спачатку адміністратары суполак у сацыяльных сетках спрабавалі залагодзіць пакупнікоў. За тое, каб людзі яшчэ пачакалі, прапаноўваліся неверагодныя зніжкі на іншыя тавары — па 50-80% ад указанай цаны. Потым старонка “крамы” ў Facebook раптам апусцела і яе стваральнікі перасталі выходзіць на сувязь.
А вось на галоўным месцы акаўнта “Маргарыткі” ў VK дагэтуль стаіць аб’ява, што спіс тавараў пашырыўся. Далей ідуць паведамленні ад той самай Кацярыны, якая ўласна і падазраецца ў арганізацыі махлярскай схемы. Нягледзячы на прамыя абвінавачванні супрацоўнікаў міліцыі і мінулы судовы досвед, дзяўчына паводзіць сябе дастаткова агрэсіўна.
“Я нікуды не знікала, не хаваюся, і міліцыя мяне не шукае… Ступень маёй віны і датычнасці да таго, у чым вы ўсе мяне вінаваціце, вырашыць суд, А НЕ ВЫ!” — адкрыта піша прадпрымальніца. А праз некалькі гадзін з’яўляецца яшчэ адзін пост: “Зона Х” (крымінальныя навіны на БТ) сёння ўвогуле здзівіла тым, што каля мяне дзяжурыць міліцыя і мяне апытвае следчы. Вакол нейкія плёткі ды домыслы, нават на афіцыйных каналах... мяне яшчэ нікуды ніхто не запрашаў і не апытваў. Цяпер вядзецца праверка ІП, рахункі замарожаныя, працягнецца гэта тыдні 2-3, мне сказалі”.
Прэс-сакратар Партызанскага РУУС Мінска Наталля Ганусевіч усё ж сцвярджае, што Кацярына была ў аддзяленні і следчыя дзеянні ўжо пачаліся. Праўда іх тэрміны пакуль вызначыць немагчыма.
Тым часам прадпрымальніца прапануе кліентам пачакаць, спасылаецца на часовыя складанасці. Пры гэтым на спробу Еўарарадыё звязацца ні Кацярына, ні мадэратарка суполак у сацыяльных сетках ніяк не адрэагавалі. Пакуль пісаўся гэты артыкул, суполка ў VK таксама стала недасяжнай.
Прэс-служба Партызанскага РУУС Мінска заклікае ўсіх пацярпелых ад арганізатараў суполкі “Маргарытка” звяртацца ў аддзяленне па адрасе: г. Мінск, зав. Стаханаўскі, 5 ці па тэлефонах 398-90-30, 398-90-20.