На саміце G7 Японія і Еўрасаюз падпісалі гандлёвае пагадненне
У Японіі праходзіць двухдзённы саміт “Вялікай сямёркі”. Ён ладзіцца ў раёне Ісэ-Сіма за 300 кіламетраў ад Токіа.
Спачатку кіраўнікі самых развітых краінаў наведалі галоўны сінтаісцкі храм краіны Багіні сонца Аматэрасу Амікамі. Па словах прэм’ер-міністра Японіі Сіндза Абэ, візіт у гэтае месца мусіць дапамагчы сусветным лідарам зразумець духоўнасць японцаў.
Кіраўнікі дзяржаў ужо падпісалі пагадненне па свабодным гандлі паміж Японіяй і Еўрасаюзам. Эксперты лічаць, што яно можа прынесці толькі адной Вялікабрытаніі каля 5 млрд фунтаў за год.
З гэтай нагоды The Guardian прыводзіць словы брытанскага прэм’ера Дэвіда Кэмерана:
“Гэтае пагадненне яшчэ раз падкрэслівае, чаму мы мацнейшыя і ў большай бяспецы у рэфармаваным Еўрасаюзе. Як сказаў прэм’ер Японіі Сіндза Абэ, наведваючы Вялікабрытанію, у прыярытэце Японіі весці перамовы з буйнымі гандлёвымі блокамі, а не з асобнымі дзяржавамі ў Еўропе. І гэта тое, што мы чуем зноў і зноў ад замежных лідараў. Калі мы прагаласуем за выхад з ЕС, мала таго, што брытанскія хатнія гаспадаркі будуць губляць 4300 фунтаў штогод, дык мы яшчэ і павернемся спінай да глабальных гандлёвых здзелак, якія з'яўляюцца асновай нашай бяспекі і росквіту”.
Галоўнай тэмай саміта “вялікай сямёркі” з’яўляецца менавіта становішча сусветнай эканомікі. Таксама шмат часу будзе прысвечана пытанням вырашэння сірыйскага і ўкраінскага канфліктаў. Асаблівую ўвагу нададуць і міграцыйнаму крызісу.
Японскі бок будзе патрабаваць жорсткіх заяў у дачыненні да кітайскіх замахаў на некаторыя спрэчныя тэрыторыі ў Паўднёвакітайскім моры.
Японскі бок будзе патрабаваць жорсткіх заяў у дачыненні да кітайскіх замахаў на некаторыя спрэчныя тэрыторыі ў Паўднёвакітайскім моры.
З гэтай нагоды ВВС прыводзіць заяву кіраўніка Еўрапейскага савета Дональда Туска, якую ён зрабіў напярэдадні саміта. Цытуем:
“Мы пройдзем гэтае выпрабаванне толькі калі зоймем адназначную і жорсткую пазіцыю па ўсіх тэмах, якія намі тут абмяркоўваюцца. Я маю на ўвазе праблему марской бяспекі ва Усходнекітайскім і Паўднёвакітайскім морах, а таксама праблему Расіі і Украіны. Калі мы хочам абараніць нашы агульныя каштоўнасці, сёння недастаткова проста ў іх верыць. Мы мусім быць гатовыя абараняць іх справай”.
У межах саміта ў пятніцу плануецца першы ў гісторыі візіт амерыканскага прэзідэнта ў Хірасіму, горад, які быў знішчаны амерыканскай ядзернай бамбардзіроўкай. Барак Абама адзначыў, што мэта паездкі — аддаць даніну памяці ўсім загінулым у Другой сусветнай вайне. І яшчэ раз нагадаць што ЗША прытрымліваецца палітыкі нераспаўсюджання ядзернай зброі.
Раней Абама казаў, што не будзе прасіць прабачэння за амерыканскія ядзерныя ўдары па Японіі.
Сустрэча ў Ісэ-Сіма — ужо трэцяя пасля таго, як у 2014 годзе з прычыны анексіі Крыма з “вялікай васьмёркі” была выключаная Расія. У групу G7 уваходзяць ЗША, Японія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Італія і Канада.
Саміт краінаў G-7 адкрываецца ў Японіі
Відэа: Японцы паказалі лідараў G7 у выглядзе супергерояў анімэ