На суд над Барысевіч і Сарокіным ужо не пускаюць людзей
На адкрыты суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным ужо не прапускаюць людзей. У 9:30 ахова кажа, што ў зале суда ўжо 50 чалавек і больш нікога не пусцяць. Дарэчы, гэта самая вялікая судовая зала ў краіне.
Судовы працэс пачнецца ў Доме правасуддзя ў 10:00.
Журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і доктара бальніцы хуткай меддапамогі Арцёма Сарокіна судзяць за тое, што яны абнародавалі інфармацыю: забіты Раман Бандарэнка не быў п'яным — 0 праміле алкаголю ў крыві. Гэта супярэчыла афіцыйным заявам Следчага камітэта і Аляксандра Лукашэнкі. Журналістку і лекара абвінавацілі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы, хаця сваякі Бандарэнкі да іх ніякіх прэтэнзіяў не мелі. Журналістцы і доктару пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Суд над Барысевіч і Сарокіным абвешчаны адкрытым, але журналістаў недзяржаўных СМІ на яго не акрэдытавалі. Допуск не атрымалі нават калегі Барысевіч з TUT.by.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.