На тэрыторыі 4-й бальніцы Мінска будуюць новы корпус
Новы корпус плануюць здаць у снежні 2022 года / @minsknews_by
На тэрыторыі 4-й гарадской бальніцы будуюць новы корпус, паведамляе агенцтва "Мінск-навіны". Будынак будзе 9-павярховым. Мяркуецца, што тут адначасова змогуць знаходзіцца 179 пацыентаў.
У новым корпусе плануюць размясціць некалькі ўралагічных аддзяленняў, а таксама аддзяленне радыёізатопнай дыягностыкі, секцыю гемадыялізу на 24 ложкі і пяць аперацыйных.
Будаўнікі плануюць здаць аб'ект ужо ў снежні. Да гэтага часу беларускім уладам яшчэ трэба вырашыць праблему з пастаўкамі медабсталявання. Нагадаем, што надоечы прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка прызнаў, што праблема з гэтым ёсць. Ён нагадаў, што харчаванне, медыкаменты і медабсталяванне не трапілі пад санкцыі. Аднак закупляць іх як раней не атрымліваецца.
"Гэта дэкларавалася. А цяпер, калі мы ставім пытанне пра закупкі новага медыцынскага абсталявання, напрыклад, для цэнтраў, якія рэканструююцца, то пакуль атрымліваем адказы, мякка кажучы, уніклівыя", — казаў Галоўчанка. Такія ж праблемы ўзнікаюць пры абмеркаванні паставак запасных частак да высокатэхналагічных апаратаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.