На ўчастках, дзе большасць галасавала датэрмінова, у Лукашэнкі — да 90%
На самых датэрміновых участках, дзе галасуюць студэнты, пераабраны па звестках ЦВК кіраўнік краіны набірае да 90%. У Слуцку на выбарчым участку №21 навучэнцы медыцынскага каледжа аддалі 69,5% галасоў датэрмінова, не ў дзень выбараў.
У выніку Аляксандр Лукашэнка тут набірае 90% галасоў. Гэта больш, чым у цэлым па краіне. Таццяна Караткевіч толькі 4,5% — гэта блізка да афіцыйных вынікаў. Супраць усіх — 1,9%.
Аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй у Смалявічах, участак 4, галасуе датэрмінова 63%. Пераабраны кіраўнік краіны набірае 80%. Гэта блізка да лічбаў па краіне, але менш, чым агучаныя ЦВК лічбы (83,4%). Таццяна Караткевіч толькі набірае 3,6%, што менш, чым у цэлым па Беларусі. Кандыдата "супраць усіх" падтрымліваюць 5,5% выбаршчыкаў. А 160 студэнтаў наогул сапсавалі бюлетэні.
57% будучых транспартнікаў з Гомельскага ўніверсітэта галасуюць загадзя і едуць дадому на выходныя. Гэта 27 участак Чыгуначнага раёна. "Элегантная" перамога дзейнага кіраўніка краіны ў выніку — з 81%. Таксама менш, чым абвешчаныя вынікі ад ЦВК, але блізка да іх. У Караткевіч па гэтым участку 3,4%. І гэта менш, чым лічбы ад ЦВК, дзе ў першай кандыдата-жанчыны 4,4%. Ніхто з кандыдатаў не цікавіць 4% студэнтаў.
Архітэктурны каледж у Мінску. Датэрмінова галасуе 65% выбаршчыкаў. Амаль столькі ж набірае Аляксандр Лукашэнка — 61%. Агулам па Мінску за яго галасуе больш — 65,8%. У Таццяны Караткевіч 9,4%. Гэта больш, чым яна набірае па ўсім Мінску. Супраць усіх — 21% студэнтаў архітэктурнага.
Таксама больш, чым агулам па сталіцы.
Шмат гадоў назіральнікі і лідары апазіцыі скардзяцца на датэрміновае галасаванне і баяцца фальсіфікацый падчас яго. Але, як бачым, на ўчастках, дзе большасць галасуе датэрмінова, Лукашэнка можа атрымаць менш галасоў, чым агулам па краіне, па падліках ЦВК. Выходзіць, галасаванне не ў дзень выбараў уплывае больш на яўку, якая сёлета па падліках ЦВК зашкаліла і падчас датэрміновага, і падчас асноўнага галасавання.
Незалежныя назіральнікі пры гэтым назвалі выбары непразрыстымі і недэмакратычнымі і выказалі сумнеў у афіцыйна агучаных центрвыбаркамам лічбах.