На Віцебшчыне злачынная група скрала дызпаліва на 1 млрд рублёў
У Беларусі злачынная група скрала дызпаліва на 1 млрд рублёў. Яна зрабіла незаконную ўрэзку ў магістральны нафтаправод Полацк — Вентспілс. Дызпаліва зламыснікі захоўвалі ў рэзервуары, які быў схаваны пад гаспадарчай пабудовай каля дома, які згарэў у адной з вёсак Віцебскай вобласці. БелаПАН паведамляе, што арганізатарам злачыннага бізнесу быў 44-гадовы жыхар Браслава.
Паводле дадзеных праваахоўнікаў, падазраваныя займаліся крадзяжом дызпаліва з 2013 года. Яны выкарыстоўвалі сучаснае абсталяванне, якое набывалі за мяжой. Тэхналогія не дазваляла ў рэжыме рэальнага часу зафіксаваць зніжэнне ціску ў трубах. Таму злачыннай групе ўдалося дзейнічаць працяглы час.
Па гэтай справе затрыманыя 11 чалавек. Іх дзеянні кваліфікавалі, як крадзеж, здзейснены групай асобаў у асабліва буйным памеры. Праваахоўнікі шукаюць і іншых асобаў, якія маглі мець дачыненне да злачыннай дзейнасці. Дагэтуль падлічваюцца страты ад дзейнасці гэтай групы.