На волю выйшаў былы дырэктар прадпрыемства "Ніка-транс" Юрый Лявонаў

З Бабруйскай калоніі ўзмоцненага рэжыму 25 студзеня на волю выйшаў былы дырэктар прадпрыемства "Ніка-транс" Юрый Лявонаў. Пра гэта паведаміў каардынатар аргкамітэта па стварэнні Беларускага камітэта ў абарону правоў зняволеных "Над бар'ерам" Цімафей Дранчук.
 Паводле яго слоў, Лявонаву турэмнае зняволенне было заменена папраўчымі работамі па месцы жыхарства. Нагадаем, дырэктар фірмы "Ніка-транс", што належыць ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу, 6 ліпеня 2006 года быў прыгавораны да трох гадоў пяці месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

Ён таксама пазбаўлены права на працягу пяці гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Лявонаў і Аўтуховіч былі асуджаны адначасова. Аўтуховіч выйшаў на волю 18 студзеня.

Пакаранне яму было таксама заменена папраўчымі работамі па месцы жыхарства. Аўтуховіч быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад уплаты падаткаў і ажыццяўленні перавозкі пасажыраў і багажу без рэгістрацыі камерцыйнай фірмы.

Беларуская грамадскасць лічыць Аўтуховіча і Лявонава вязнямі сумлення.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі