На волю выйшаў палітвязень Эдуард Лобаў
Ён правёў у зняволенні чатыры гады.
18 снежня каля восьмай гадзіны раніцы з Івацэвіцкай калоніі № 22 на волю выйшаў 26-гадовы актывіст "Маладога фронту" Эдуард Лобаў, перадае БелаПАН.
Лобава затрымалі 18 снежня 2010 года разам з лідарам "Маладога фронту" Змітром Дашкевічам. Следства заявіла, быццам маладафронтаўцы збілі двух мінчукоў. Дашкевіч і Лобаў катэгарычна адмаўлялі сваю віну і заяўлялі, што ўпершыню бачаць пацярпелых. Падчас усяго судовага працэсу так званыя пацярпелыя сядзелі не ў зале суда, а ў асобным пакоі. У матэрыялах крымінальнай справы не былі адзначаныя ні іх адрасы, ні тэлефоны. З гэтай прычыны назіральнікі засумняваліся ў рэальным існаванні пацярпелых. Затрыманне Дашкевіча і Лобава яны ацанілі як прэвентыўную меру напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Па гэтай крамінальнай справе Лобава асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дашкевіча — на два гады калоніі агульнага рэжыму. "Міжнародная амністыя" прызнала абодвух вязнямі сумлення.
Увесь тэрмін пакарання Лобаў адбываў у Івацэвіцкай калоніі.
Фота — nn.by