На заводзе "Мотавела" ў Мінску здарыўся пажар

Пажар на заводзе "Мотвела" / прэс-служба МНС
Пажар на заводзе "Мотвела" / прэс-служба МНС

Увечары 23 лютага на заводзе "Мотавела" ў Мінску здарыўся пажар.

Прэс-служба МНС у сваім тг-канале паведаміла пра загаранне ў адным з цэхаў, але не назвала прадпрыемства.

Пра тое, што гарыць менавіта "Мотавела" напісаў onliner.by са словаў відавочца. Ён удакладніў, што агонь і дым на тэрыторыі прадпрыемства заўважыў прыкладна ў 18:45.

У 20:11 прэс-служба МНС паведаміла, што пажар, які ахапіў плошчу ў 200 квадратных метраў, ліквідаваны. Там гарэлі камплектуючыя для ровараў у кардоннай упакоўцы. Ратавальнікі эвакуявалі з вытворчага корпуса 25 чалавек, пацярпелых няма. Прычыны здарэння высвятляюцца.

Апошнімі гадамі "Мотвела" практычна не вылазіць са скандалаў. Раней завод быў прыватным, але потым дзяржава яго вярнула сабе — і гэта скончылася банкруцтвам. Прыватызаваць завод забараніў у лютым 2021-га Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка запатрабаваў ад завода арыгінальные беларускіе ровары і матацыклы, а не зборку з кітайскіх дэталяў. У жніўні 2022 года тагачасны дырэктар прадпрыемства Мікалай Ладуцька паказаў Лукашэнку матацыкл з кітайскіх дэталяў, але заявіў, што той мае беларускі дызайн. Але выявілася, што дызайн скапіяваны з французскага Mash X-Ride.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі