Нацболы правялі антыядзерны пікет ля амбасады Украіны ў Мінску
Актывісты аргкамітэту па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі ў Беларусі правялі пікет каля амбасады Украіны ў Мінску. Як перадае БелаПАН, яны пратэставалі супраць будаўніцтва магільнікаў ядзерных адкідаў каля беларускай мяжы — такія планы маюць украінскія ўлады.
У акцыі, якая праходзіла у скверы імя Тараса Шаўчэнкі, удзельнічалі пяць чалавек. Яны трымалі транспаранты з лозунгамі “Хавайце свае адкіды на Майдане!”, “Украіна, не трэба гадзіць нам пад плот!”, а таксама з перакрэсленым знакам радыяцыйнай бяспекі на фоне ўкраінскага сцяга.
Акцыя была санкцыянаваная гарадскімі ўладамі. За прысутнымі назіралі некалькі супрацоўнікаў міліцыі, але яны не ўмешваліся.