МАГАТЭ аказвала падтрымку іранскім даследчыкам у галіне ядзернай энергетыкі

МАГАТЭ дапамагала Ірану

МАГАТЭ дапамагала Ірану / irna.ir

МАГАТЭ аказвала падтрымку іранскім даследчыкам у галіне ядзернай энергетыкі, вынікае з канфідэнцыйных файлаў па ядзернай праграме Ірана, якія апынуліся ў распараджэнні BILD am SONNTAG

Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), якое ўваходзіць у сістэму ААН, на мінулым тыдні аб'явіла, што Іран пашырыў сваю ядзерную праграму. Аднак менавіта МАГАТЭ гадамі аказвала падтрымку іранскім даследнікам і адпраўляла іх на навучанне ў Расію. Акрамя таго, агенцтва нават аказвала фінансавую падтрымку ў гэтай сферы.

Як сведчаць дакументы, якія апынуліся ў распараджэнні BILD am SONNTAG, прадстаўнікі агенцтва ААН сустракаліся з Джавадам Карымі-Сабетам у Вене ў пачатку 2022 года. Карымі-Сабет знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЗША з 2020 года і лічыцца адным з натхніцеляў распрацоўкі іранскай атамнай бомбы. Згодна з унутранай электроннай перапіскай, МАГАТЭ заплаціла Карымі за ўдзел у сустрэчы. Паколькі з-за санкцый банкаўскі перавод быў немагчымы, вучонаму выплацілі грошы наяўнымі.

У 2018 годзе амерыканцы выйшлі з ядзернай дамовы з Іранам і ўзмацнілі жорсткасць рэжыму санкцый супраць Тэгерана. У выніку здзелка рассыпалася, Іран перастаў прытрымлівацца правіл і абмежаваў знешні кантроль. Згодна з канфідэнцыйнымі дакументамі, МАГАТЭ пасля запусціла праграмы фінансавання іранскай ядзернай навукі. У канцы 2019 года МАГАТЭ сфармулявала мэту праекта "IRA2018001" у кансультацыі з іранцамі: "Дзейнасць будзе накіравана на павышэнне кваліфікацыі і ведаў вучоных і паляпшэнне апаратнай і праграмнай інфраструктуры, што будзе садзейнічаць паляпшэнню работы і выкарыстання даследчых рэактараў".

Навукова-даследчыя рэактары лічацца патэнцыйнай крыніцай плутонію. Для стварэння ядзернай бомбы патрэбен або ўзбагачаны на 90% уран, або плутоній.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі