Нацыянальны гістарычны музей набыў карціны з дэмсіламі-сатаністамі і Лукашэнкам

Непераўзыдзенае мастацтва

Непераўзыдзенае мастацтва / @rubanau_collage

Апошні тыдзень беларускі культурны асяродак абмяркоўваў чуткі, што Нацыянальны гістарычны музей набыў ва ўласны фонд карціны Святланы Жыгімонт, мастачкі і прадпрымальніцы з праўладнымі поглядамі. Малюнкі павінны былі стаць часткай новай музейнай экспазіцыі, прымеркаванай да 30-годдзя беларускай дзяржаўнасці.

У размове з журналістам Еўрарадыё Жыгімонт пацвердзіла, што музей сапраўды набыў частку яе творчасці. Гаворка ідзе пра трыпціх “Казка-быль пра Беларусь”. Пра арганізацыю выставы мастачка нічога не ведае.

Трыпціх складаецца з пастаральнай выявы Лукашэнкі, які размясціўся пад дубам, і дэманізаванага калектыўнага партрэта лідараў беларускіх дэмсілаў (ЦіханоўскайВячоркіЛатушкіПракоп’ева і г.д.), якія сядзяць за сталом, на якім праводзіцца сатанінскі рытуал. 

Нацыянальны гістарычны музей набыў карціны з дэмсіламі-сатаністамі і Лукашэнкам
Трыпціх "Казка-быль пра Беларусь" / Святлана Жыгімонт

У Нацыянальным гістарычным музеі ў тэлефоннай размове Еўрарадыё распавялі, што падобная выстава ў раскладзе не фігуруе. Факт набыцця карцін аўтарства Жыгімонт там назвалі магчымым, паколькі фонды інстытуцыі перыядычна папаўняюцца новымі экспанатамі.

Цікава, што Святлана Жыгімонт восенню мінулага года скардзілася ў Фэйсбуку, што рэжым на яе забыўся: СМІ не публікуюць размовы з ёй, а дзяржава не купляе карціны і не дапамагае з выставамі. 

Як відаць, скаргі мастачкі, нарэшце, усё ж былі пачутыя. 

“Я не ведаю, ці сапраўды набылі малюнкі Святланы Жыгімонт, але ўпэўнены на 95%, што так і адбылося, — кажа мастацтвазнаўца, экскурсавод і блогер Мікіта Моніч. — Ёсць смешны момант, што некаторыя музейшчыкі лічаць, што гэтыя карціны было варта набыць Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў. Бо дзяржава менавіта так сабе сучаснае мастацтва і ўяўляе. Але на мой пункт гледжання, варыянт з Гістарычным музеем таксама выдатны, бо галоўная функцыя музея якая? Захоўваць! А што гэта перад намі, як не дакумент эпохі, вельмі моцны, здаецца”.

Святлана Жыгімонт стала вядомай на хвалі рэпрэсій як аўтарка прапагандысцкіх карцін, якія адлюстроўваюць праўладны погляд на падзеі 2020 года і вайну ва Украіне. 

Таксама мастачка актыўна піша ў сацсетках, дзе палівае брудам усіх, хто крытыкуе лукашэнкаўскі ці пуцінскі рэжым, агрэсію Расіі, ці крытыкуе яе творчасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі