Надпіс “Зроблена ў Германіі” заменяць на “Зроблена ў Тунісе”

Еўракамісія збіраецца ўрэгуляваць абазначэнні на таварах краін, у якіх яны вырабляліся. Але нямецкі бізнес не падтрымлівае такую ідэю. Аб планах Еўракамісіі стала вядома яшчэ ў лютым. Чаму немцы спахапіліся толькі цяпер? Відаць, таму што ў верасні ў краіне адбудуцца выбары, піша Gazeta Wyborcza. А Deutsche Welle тлумачыць, як у жыцці будуць выглядаць новыя законы. Напрыклад, як раней стваралася сумка “Зроблена ў Германіі”: выштукаваная скура адпраўлялася ў Туніс, адкуль, кроеная і вышытая, зноў вярталася да нямецкіх майстроў. Цяпер жа такі выраб можна будзе называць “Зроблена ў Тунісе”.

“Гэты план знішчыць знак якасці нямецкіх прадуктаў, якім з’яўляецца азначэнне “Зроблена ў Германіі”. Не будзе болей гарантыі, што спажыўцы атрымаюць тое, што дагэтуль асацыявалася з нямецкай маркай, альбо якасць, сучаснасць, дызайн і вядомае выкананне”, — адзначыў у інтэрв’ю Die Welt кіраўнік Канферэнцыі нямецкіх гандлёва-прамысловых палат Эрык Швайцэр.

З ім пагаджаецца і старшыня Нямецкага аб’яднання замежнага гандлю Антон Бёрнэр, які патрабуе прыбраць рукі прэч ад “Зроблена ў Германіі”:

“Пад выглядам абароны правоў спажыўцоў праз заднія дзверы ідзе спроба падарваць правераныя, якасныя нямецкія тавары”.

Еўракамісары, якія прапанавалі змены, хочуць аблегчыць жыццё пакупнікам. На што нямецкія бізнесмены адказваюць:

“Ад зменаў больш за ўсё пацерпяць малыя фірмы”.

Зразумець немцаў, якія не хочуць згубіць сваю марку, таксама можна: летась нямецкая гаспадарка нагандлявала з замежнымі краінамі больш чым на трыльён еўра. Як піша Gazeta Wyborcza, дайшло да таго, што некаторыя польскія фірмы пераязджаюць у Германію. І ўсё дзеля таго, каб атрымаць запаветную бірку “Зроблена ў Германіі”. Ды і польскія пакупнікі гатовыя набываць тавары хай сабе і даражэйшыя, але нямецкія.

Разам з тым нямецкія тавары не заўсёды былі такімі надзейнымі, піша польскае выданне і робіць экскурс у гісторыю. Немцы пачалі маркіраваць тавары сваім фірмовым знакам яшчэ ў 1887 годзе. Да гэтага іх прымусілі брытанцы, якія сутыкнуліся з таннай нямецкай падробкай і абавязалі абазначаць імпартныя тавары. Але ўжо пасля Другой сусветнай вайны, калі Заходняя Германія хутка адбудавала сваю эканоміку, стэрэатып аб танных і няякасных вырабах з Германіі быў пераломлены.

Фота: Jochen Eckel/Bloomberg

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі