Надпісы на магілах паўстанцаў 1863 года ў Вільні будуць і па-беларуску
Надпісы на магілах паўстанцаў 1863 года ў Вільні будуць і па-беларуску. Пра гэта паведаміў міністр культуры Літвы Міндаўгас Кветкаўскас, інфармуе Радыё Свабода. Паўстанцы будуць урачыста перапахаваныя на віленскіх могілках Росы. Была пагроза, што надпісы выканаюць толькі на літоўскай і польскай мовах.
Паўтысячы дзеячоў грамадства і культуры Беларусі ў сакавіку звярталіся да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ. "Тыя паўстанцы — нацыянальныя героі не толькі Літвы і Польшчы, але і Беларусі, — пісалі яны. — Сярод іх Кастусь Каліноўскі — сімвал змагання Беларусі за сваю незалежнасць, чалавек, які выдаваў першую газету на беларускай мове... Магілы паўстанцаў будуць месцам паломніцтва маладых беларусаў. Дзеля будучыні Беларусі важна, каб надпісы на іх магілах былі і на беларускай мове".
Міндаўгас Кветкаўскас заявіў: "Прыйшлі да агульнага палажэння, што імёны і прозвішчы [паўстанцаў] мусяць быць напісаныя на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай. Гэта павінна падкрэсліць важнасць паўстання для ўсіх гэтых краін, усіх гэтых народаў".
Асобу кіраўніка вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі на 95% (каб зняць усе сумненні, трэба правесці тэст ДНК Віктара Каліноўскага, брата Кастуся, пахаванага ў Свіслачы). З даследаванняў парэшткаў двух дзясяткаў паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедыміна, вынікае нямала фактаў пра іх жыццё і звычкі. Напрыклад, аналіз зубоў паказаў, што Каліноўскі не курыў тытунь.