"Нафтан" купляе на летні перыяд амаль 200 ровараў
Адкрытае акцыянернае таварыства "Нафтан" абвясціла тэндэр на закупку 186 ровараў, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Наваполацкі нафтазавод хоча закупіць звычайныя дарожныя ровары. Як прыклад у заяўцы пазначаныя мадэлі ААТ "Мотавела". У тэндэры фігуруюць тры пазіцыі:
1) мадэль 28-130 (класічны ровар з 28-цалёвымі коламі, сталёвай рамай і барабанным тормазам) — 161 штука;
2) мадэль 28-160 (ёсць пярэдні абадны тормаз і пярэдні багажнік з кошыкам) — 4 штукі;
3) мадэль 28-240 (аналагічная 28-130, але з "жаночай" рамай) — 21 штука.
Мяркуючы па коштах на сайце "Мотавела", на гэтую партыю ровараў "Нафтану" давядзецца выдаткаваць каля 35 000 рублёў. Закупка робіцца за свой кошт. Тэрмін пастаўкі — да канца траўня.