"Нармальна бахнула!": У мінскім бары "Перасмешнік" разарваўся газавы балон
Наступствы надзвычайнага здарэння ў "Перасмешніку" / 112.by
У ноч на 28 верасня ў мінскім бары "Перасмешнік" на Нямізе, 5 раздаўся хлапок, як стала зразумела пазней — разарваўся газавы балон. Здарэнне адбылося каля 01:45. Аб дзіўным раптоўным гуку, падобным да выбуху, напісалі мінчукі ў сацыяльных сетках. Па словах стэндапера Дзмітрыя Нарышкіна, ён быў такім гучным, што яго пачулі нават на вуліцы Пуліхава. "Нармальна бахнула", — піша піша на сваёй старонцы ў Facebook каардынатар праектаў Вікторыя Яфімава.
Адзін з відавочцаў кажа, што выбух адбыўся ў раёне дома №6 па вуліцы Камсамольскай. "Пасля з'явілася шарападобнае воблака, — цытуе суразмоўцу TUT.by. — Склалася ўражанне, што выбухнуў паравы або газавы кацёл".
Звычайна ў ноч з пятніцы на суботу ў раёне Камсамольскай шмат народу, але пасля таго, што здарылася людзі сталі разыходзіцца.
У кавярні "Чайхана Баклажан", якая размешчаная на пазначаным відавочцам адрасе, пацвердзілі: Здарэнні было, але не ў іх, а ў суседзяў — у бары "Перасмешнік".
горит пересмешник бар @tutby pic.twitter.com/RRuzRHqE8M
— Maria (@mary_veselova) 27 сентября 2019 г.
"Нібыта выбухнула газавая гарэлка, — паведамілі ў кавярні. — Патушылі. Ужо ўсё ў парадку, усё добра".
На відэа, якое з'явілася ў сацыяльных сетках, відаць, што ў "Перасмешніку" гарыць вулічны абагравальнік.
Паведамленне аб пажары выратавальнікі атрымалі ў 01:41 у ноч на 28 верасня. Першыя падраздзяленні былі на месцы ўжо праз 4 хвіліны. Спецыялісты МНС выявілі, што загарэлася інфрачырвоная газавая гарэлка, пасля чаго газавы балон разгерметызаваўся. З-за невялікай колькасці газу ў ім выбуху не было. Па словах выратавальнікаў, звычайна такімі гарэлкамі абаграваюць памяшканні.
Пад уздзеяннем тэмпературы балон разарваўся. Пашкоджаныя шыбы, ўваходныя дзверы, вокны, драўляныя канструкцыі на летняй тэрасе і мэбля ўнутры на плошчы 20 квадратных метраў. Закуранае само памяшканне і кухня суседняга бара.
Супрацоўнікі МНС вызначаюць прычыну здарэння. Меркаваная версія — парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прыладаў і агрэгатаў.
Пацярпелых пры пажары няма, эвакуацыі не спатрэбілася — людзі самі пакінулі ўстанову.
Каля года таму са згаданымі ўстановамі была звязана іншая гісторыя. Жыхарка дома №8 па вуліцы Камсамольскай скардзілася Еўрарадыё на гучную музыку, якая не сціхае да позняй ночы ў "Баклажане", "Перасмешніку" і суседнім "Гаштэце". У установах на гэта паціскалі плячыма, маўляў правілы выконваюцца, а зладзіць пешеходку ў гэтым раёне — ідэя Мінгарвыканкама. У Мінгарвыканкаме паабяцалі ўзмацніць кантроль за выкананнем ўстановамі правілаў і рэжыму працы.