“Наш даўгабуд ужо трэці год трапляе ў такія спісы выканкама”

Дом у Фаніпалі пачалі будаваць 29 траўня 2009 года, здаць мусілі ў чэрвені 2010, цяпер плануюць у жніўні 2013, гатоўнасць 80%.

Дом у вёсцы Новы двор пачалі будаваць 4 сакавіка 2009, здаць мусілі 4 лістапада 2009, цяпер плануюць у верасні 2013, гатоўнасць 70%.

Жылы дом "Мядок" у Заслаўі, пачатак будаўніцтва 31 ліпеня 2009, мусілі здаць 31 верасня 2010, цяпер плануюць у верасні 2013, гатоўнасць 40,6%.

Дом у пасёлку Юбілейны, пачатак будаўніцтва 12 студзеня 2008 года, канец — 12 ліпеня 2009 года, цяпер плануюць у лістападзе 2012 года, гатоўнасць — 37%.

Гэта самыя доўгія даўгабуды толькі ў адным Мінскім раёне.

"Па дакументах здадуць вераснем, але зразумела, што яшчэ пару месяцаў будуць недаробкі. Бо за месяц гэта нерэальна", — кажа Уладзімір з Магілёва. Яго даўгабуд у мікрараёне "Спадарожнік" унеслі ў графік уводу на верасень 2013 года. Гэты дом уносяць у такія спісы ўжо тры гады запар, так што лішні месяц — яшчэ добра. Але навошта нават тут рабіць нерэальныя планы?

Жыхары беларускіх даўгабудаў пачалі аб'ядноўвацца на форумах. Там яны абмяркоўваюць праблемы, плануюць дзеянні і задаюць пытанні. Ды не губляюць гумар:

— Хто ведае, якія будуць вокны і дзверы?

— Вокны? Дзверы? Ды вы аптыміст.

Выкладваюць дакументы, фотосправаздачы з будоўлі. Некаторыя пайшлі яшчэ далей. Будучыя жыхары магілёўскага даўгабуда стварылі сайт з анлайн-відэа з будоўлі!

"Цяпер будоўля ідзе да другой ночы. Восьмы паверх панэлі робяць. Два гады ніякіх зрухаў не было. Тры гады таму, калі ўступалі, нам казалі: ўносьце хутчэй грошы і мы пачынаем будаваць. А спачатку ўвогуле казалі, што дом ужо стаіць. Калі заключылі дамовы, пачалі яго шукаць — а там нават катлавана няма!"

За час, пакуль дом "будаваўся", кошт квадратнага метра "крыху" падрос — з 1,6 да 5 мільёнаў за квадрат для льготнікаў.

"Нас проста змусілі, сказалі прамым тэкстам: мы будаваць па 1,6 мільёна не будзем, пагаджайцеся на 5 мільёнаў ці разарвём з вамі дамовы і будзем шукаць новых людзей. А грошы нашы ніхто не верне, бо невядома, што і як яны будуць пералічваць".

Будаўніцтва амаль стаяла два гады. Як казалі афіцыйна, “бо не хапала магутнасцяў” — не паспявалі рабіць панэлі.

"Раней такіх праверак з Мінска не было. Але мы пісалі ў Мінск і прэзідэнту, у Магілёве каму толькі можна пісалі — адныя адпіскі. Калі такіх дамоў стала шмат па краіне, тады і пачалі заўважаць".

Жыхары вядомага ў Мінску даўгабуда на Прытыцкага таксама прэзідэнту пісалі, той даў указанне..

"...але ў 2013 годзе дом выкідваюць са спісаў насуперак даручэнню прэзідэнта", — распавядае дольшчык Віктар.

Дабудаваць засталося няшмат: два паверхі маналіта, дах, выкласці блокі, уставіць вокны. Але яшчэ падземны паркінг.

У ліпені Віктар даплаціў 65 мільёнаў за кватэру ў 43 квадраты. У жніўні 2010 года метр каштаваў 3 мільёны 173 тысячы рублёў, цяпер — 4,8 мільёна. Але ж гэта не апошняя даплата.

"Мінскбуд, якому плануюць перадаць дом, яшчэ разлікаў не рабіў. Казалі, што даплаты будуць прыстойныя. Але як ацэньваць гэта прыстойныя?".

Паводле прыблізных падлікаў, на ўсіх дольшчыкаў гэтага дома могуць раскінуць яшчэ каля 17 мільярдаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі