Настаўніцу з 20-гадовым стажам асудзілі за захоўванне "экстрэмісцкай" кнігі
Анатоль Тарас і яго "Кароткі курс гісторыі Беларусі"
У Слоніме ў Гродзенскай вобласці настаўніцу з 20-гадовым стажам асудзілі за захоўванне "экстрэмісцкай" кнігі па гісторыі, пішуць праваабаронцы. На працягу двух месяцаў яна спрабавала яе прадаць, як непатрэбную, але пакупнікоў не знайшлося. Аб'яву заўважылі сілавікі.
У судзе жанчына казала, што нават не падазравала, што кнігу ў Беларусі прызналі "экстрэмісцкім матэрыялам". Пяць гадоў таму яна купіла яе ў краме для дачкі-школьніцы. Летам яна прыбіралася ў кватэры і, убачыўшы гэтую кнігу ў добрым стане, вырашыла яе прадаць. Пакупнікоў не знайшлося, таму кнігу настаўніца найхутчэй здала ў макулатуру.
У выніку суд аштрафаваў настаўніцу на 370 рублёў. Яе камп'ютар канфіскаваны.
"Крамольнай" аказалася кніга Анатоля Тараса "Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст.". У "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" яе дадалі ў верасні 2022-га. Пракуратура кантралявала, каб кнігі Тараса не было ў продажы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.