NATO няма справы да Беларусі і да Лукашэнкі. Замалёўкі з брусэльскіх калідораў

Ля штаб-кватэры НАТА

Ля штаб-кватэры НАТА / Еўрарадыё

Пагроза, пагроза, пагроза.

Працэнты, працэнты, працэнты. 

Гэтыя два словы ўвесь час чуеш то тут, то там у калідорах і залах штаб-кватэры НАТА ў Брусэлі. На гэтым тыдні тут сустракаліся міністры абароны краінаў Альянса. Галоўрэд Еўрарадыё Павел Свярдлоў наведаў яго як журналіст — і вось што там пачуў.

Пагроза — гэта, вядома ж, пра Расію. І крыху пра Кітай. Узровень пагрозы падвышаецца. Расія пагражае Еўрасаюзу. Кітай трымаецца ў ценю, але гэты цень накрывае ўвесь свет. “Не буду разважаць пра тое, хто з іх у каго і чаму вучыцца, але гэта ўжо адбываецца”, — разважае натаўскі афіцэр на брыфінгу, прысвечаным дыверсіям у Балтыйскім (і не толькі) моры.

Гучыць заканамернае пытанне пра наступствы такіх паводзінаў для Расіі.

“Мы пасылаем заўважны сігнал, што калі ваш карабель раптам выпадкова працягне якар па марскім дне ў месцы, дзе пракладзены кабель, наступствы будуць!” — адказвае афіцэр. Пакуль жа, па яго словах, няма пратаколаў, якія рэгламентавалі б дзеянні падчас гібрыдных атак: “Чырвоныя лініі малююцца літаральна ўручную, калі з Вашынгтона тэлефануюць у Маскву і кажуць: “Так, гэта ўжо перабор!”.

Працэнты — гэта пра інвестыцыі краінаў НАТА ў абарону. Новы кіраўнік Пентагона прамалінейна заяўляе, што Еўропа недаплочвае. “Калі гаворка ідзе пра выдаткі на абарону, 2% ад ВУП — гэта недастаткова. Тры, чатыры… Ідэальна — 5%, пра якія кажа Дональд Трамп. Гэта крытычна”, — патрабуе Піт Хэгсет.

NATO няма справы да Беларусі і да Лукашэнкі. Замалёўкі з брусэльскіх калідораў
Піт Хэгсет / Еўрарадыё

Гэта першае з'яўленне міністра абароны ЗША ў Еўропе. Калегі параўноўваюць яго з настаўнікам, які прыйшоў адчытаць старшакласнікаў, якія курылі ў прыбіральні. Прывітанне, школа!

А я лаўлю ў яго голасе інтанацыі, уласцівыя крамлёўскім доўгажыхарам, калі яны разважаюць пра Беларусь. Амерыканец Хэгсет паводзіць сябе з еўрапейцамі як старэйшы брат — патрабавальна і крыху паблажліва, але разам з тым са своеасаблівай любоўю. Краіны НАТА ён называе выдатнымі саюзнікамі. І адразу ж заяўляе, што еўрапейцы ўжо шмат гадоў не ў стане самастойна дбаць пра ўласную абарону, увесь час спрабуючы адкусіць кавалачак ад “Дзядзі Сэма”.

“Мы знойдзем дадатковыя грошы. Бельгія — заможная краіна”, — рэагуе бельгійскі міністр абароны Тэа Франкен. І хаця твар у яго як у Гаральда, які церпіць боль, у цяперашняй сітуацыі ён выглядае ледзь не самым вялікім аптымістам.

NATO няма справы да Беларусі і да Лукашэнкі. Замалёўкі з брусэльскіх калідораў
Тэа Франкен / Еўрарадыё

У самым фінале сустрэчы ў Хэгсета запыталіся, ці датычыцца саміх ЗША гэтае патрабаванне інвеставаць 5% ВУП у абарону. Бо згодна са статыстыкай НАТА, Вашынгтон выдаткоўвае толькі 3,4%. Адказ быў — да ладна вам, вы ўвогуле ўяўляеце сабе, колькі гэта — нашыя 3,4%?!

У спісах не значыцца

Калі топы НАТА пералічваюць саюзнікаў Пуціна — называюць Кітай, Паўночную Карэю і Іран. Я пытаюся, чаму ў пераліку няма Беларусі.

Адзін з адказаў: “У нас па Беларусі слабая экспертыза”.

Так што нейкая асаблівая роля Беларусі як бліжэйшага, эксклюзіўнага (а ў 2022-м і ўвогуле адзінага?) саюзніка Расіі — гэта казкі, якія расказвае беларуская прапаганда і любіць слухаць Лукашэнка. На фоне іншых бакоў канфлікта Беларусь згубілася, стала незаўважнай. Гэта не значыць, што яна не працягвае дапамагаць Расіі — о, яшчэ як працягвае. Але ніякага значэння гэтай дапамозе ў НАТА не надаюць. Беларусі на парадку дня няма.

Адзіная згадка пра Мінск — мірнае пагадненне па Украіне не мусіць стаць "Мінскам 3.0". Раніцай у сераду так сказаў Хэгсет, увечары ў чацвер гэта паўтарыў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ. Прычым двойчы.

У адказ на пытанне пра Беларусь іншы натаўскі топ спасылаецца на дэкларацыю вашынгтонскага саміта, падпісаную ў ліпені 2024 года. Там сказана, што “Беларусь працягвае спрыяць гэтай вайне, прадастаўляючы сваю тэрыторыю і інфраструктуру. Паглыбленне палітычнай і ваеннай інтэграцыі Расіі і Беларусі, у тым ліку разгортванне перадавых расійскіх вайсковых магчымасцей і персаналу, мае негатыўныя наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі Альянсу”. Вельмі агульныя фразы.

У НАТА занепакоеныя тым, што пасля перамір’я ва Украіне Расіі дастаткова будзе пары гадоў, каб узнавіць свой вайсковы патэнцыял. І тады яна ізноў будзе гатовая нападаць — ужо не на Украіну, а на краіны Балтыі. Але з Беларуссю гэта ніяк не звязваюць. Кітай, Паўночная Карэя, Ірак…

NATO няма справы да Беларусі і да Лукашэнкі. Замалёўкі з брусэльскіх калідораў
Сталоўка НАТА: ніякіх размоваў пра сакрэты!

Ёсць у гэтага медаля і адваротны бок: Лукашэнка ўжо наўрад ці ізноў згуляе ролю міратворцы, які падносіць сусветным лідарам бутэрброды і вёдра кавы ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. Бо “ніякага Мінска 3.0”.

Ледзь не адзіная, каму не пофігу на Беларусь, гэта супервайзерка нашай групы (у якую ўваходзяць некалькі журналістаў з расійскіх медыя ў выгнанні і я). З яе падачы я маю паўгадзінную размову з кіраўніком адной з дэлегацый у НАТА. Яна старанна запісвае пытанне, якое я хацеў бы задаць Марку Рутэ (вядома ж, пра Беларусь). Але, на жаль, мая паднятая рука застаецца праігнараванай.

Гэта яшчэ са школы так: калі добра падрыхтаваўся — не выклічуць. А вось калі забіў на дамашку — абавязкова пойдзеш да дошкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.