Нават у турме іпэшнікі не пазбегнуць унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны

У 2015 годзе індывідуальныя прадпрымальнікі ўпершыню плацяць асобны ўнёсак у сацыяльны фонд абароны насельніцтва, незалежна ад таго, быў даход ці не. Зрабіць гэта трэба да 1 сакавіка.

“Вы можаце плаціць зыходзячы з вашага прыбытку, але ўнёсак не можа быць меншым за мінімальны, — каментуюць у мінскім аддзяленні фонду. — Гэты мінімум вызначаецца як 35% ад праіндэксаванай мінімальнай заработнай платы. Але на сёння мы ведаем суму толькі за 11 месяцаў, колькі атрымаецца за снежань, стане вядома толькі пасля 15 студзеня. Пакуль гадавы ўнёсак, але без дванаццатага месяца, складае 6 681 000”.

Нават, калі ты ажыццяўляеш прадпрымальніцкую дзейнасць раз на год, напрыклад, ладзіш уласны канцэрт у якім-небудзь мінскім клубе, то унёсак усё роўна мусіш плаціць за ўвесь год. Нават афіцыйнае прыпыненне дзейнасці ў падатковай не выратоўвае прадпрымальніка ад Фонду сацыяльнай абароны!

“Нам цяпер тэлефануюць, пытаюцца розныя катэгорыі, — прызнаюцца Еўрарадыё супрацоўнікі фонду. — Але нават, калі ты ў турме сядзіш, то усё адно мусіш плаціць. Хварэеш ты ці не — усё адно. Адзінае, калі вы захварэлі, і ў вас ёсць выплаты за папярэдні год, то з іх налічваецца ваш бальнічны. То бок па бальнічным у гэтым годзе вы будзеце аплачваць меней на суму гэтай бальнічнай дапамогі”.

Існуюць пяць пазіцый, па якіх іпэшнік можа пазбегнуць страхавых выплат: калі ў вас ёсць працоўныя стасункі, вы атрымліваеце пенсію ці дапамогу на дзіця да 3-х гадоў, калі з’яўляецеся студэнтам дзённай формы навучання ці замежным грамадзянінам. Пад працоўнымі стасункамі разумеюць менавіта ўладкаванне на працу. Дамова-падрад з’яўляецца грамадзянска-прававым дакументам і ў гэтым выпадку ва ўлік не ідзе.

“Кажуць, што з 2015 года гэтую ільготу па працоўных стасунках адменяць, — раптоўна папярэджваюць Еўрарадыё ў Фондзе сацыяльнай абароны. — І будуць ўжо ўтрымліваць ўнёсак з заробку на вашай працы, і за ІП вы будзеце асобна плаціць. Пакуль яшчэ гэтую льготу не адмянілі, але пра гэта ўжо размаўляюць. Калі пра гэта кажуць, то, напэўна, так і зробяць”.

Адзінае сапраўднае ратаванне, апроч пяці ільготных пазіцый — закрыць ІП. “Так шмат хто цяпер і робіць,” — рэзюмуюць у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі