Навошта Беларусі сервісны цэнтр па рамонце верталётаў у Афрыцы?
Паездку Віктара Шэймана ў Гану каментуе ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Дэлегацыя спонсараў з Беларусі, Расіі ды Польшчы прыбыла ў Гану з пяцідзённым візітам. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае Віктар Шэйман, памочнік Аляксандра Лукашэнкі па адмысловых даручэннях. Ён заявіў СМІ, што галоўнай мэтай Беларусі з'яўляецца стварэнне агульных прадпрыемстваў у Гане. Па словах Шэймана, Беларусь мае намер пастаўляць у Гану ўгнаенні, трактары ды іншую сельскагаспадарчую тэхніку.
Аднак Ганскае радыё на сваім сайце паведамляе, што Беларусь хоча пабудаваць сервісны цэнтр верталётаў MI-17. У гэтым цэнтры маглі б рамантаваць верталёты з усёй Афрыкі. Пра гэта, па інфармацыі радыё, Шэйман гаварыў з міністрам абароны генерал-лейтэнантам Дж.Смітам у Акры, сталіцы Ганы. Міністр Сміт ухваліў такія планы і дадаў, што быў бы патрэбны яшчэ і трэніровачны цэнтр для пілотаў. Рэалізацыя верталётных праектаў заняла б, па словах ганскага чыноўніка, каля 5 гадоў.
На думку беларускага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, планы Беларусі цалкам рэальныя і выгадныя эканамічна.
Аляксандр Алесін: У мінулы раз казалі, што будуць рабіць цэнтр у Нігерыі. Я думаю, што цалкам рэальныя планы. Можна меркаваць, што беларускі ВПК шукае месца, дзе з найбольшай карысцю можна размясціць вытворчасць па сервісу, капітальным рамонце і мадэрнізацыі верталётнай тэхнікі. У нас гэтым займаецца Аршанскі авіярамонтны завод. Ён капітальна рамантуе, мадэрнізуе, і нават перапрафілюе верталёты Мі-8 і Мі-17. Таксама рамантуе і мадэрнізуе баявыя верталёты Мі-24 і іх экспартную версію Мі-35. І ў планах, наколькі можна меркаваць па інфармацыі “Белэкспарт”, ёсць экспансія ў Афрыку. Што абсалютна апраўдана, бо ў Афрыцы назапасілася дастаткова савецкага ўзбраення, якое пастаўлялася і пасля распаду СССР. Былыя савецкія рэспублікі сплаўлялі старое савецкае ўзбраенне. Афрыка – канфліктны рэгіён, там заўсёды ідзе барацьба і за нафту, і за ваду, і паміж плямёнамі. Таму афрыканскія краіны стараюцца па меры магчымасцей узмацняць свой ваенны патэнцыял, каб мець аргументы супраць суседзяў. Рынак паслуг па рамонце савецкага ўзбраення там вялікі.Спадар Шэйман – спецыяльны памочнік прэзідэнта па спецыяльных пытаннях, і звычайна пытанні сельскай гаспадаркі не ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Думаю, што цалкам рэальна стварэнне такога сервіснага цэнтра ў адной з краін Афрыкі. Гэта само сабой напрошваецца. Акрамя таго існуе даволі вялікая канкурэнцыя на гэтым рынку. Ізраіль і шэраг краін былога сацыялістычнага лагера прапануюць свае паслугі па мадэрнізацыі. Вялікі патэнцыял па рамонце і нават вытворчасці новых верталётаў мае Польшча. Тая ж Расія ці Украіна. Таму імкненне Беларусі заняць выгадныя пазіцыі на афрыканскім рынку ў гэтай нішы могуць рэалізавацца, калі мы будзем весці агрэсіўную палітыку на гэтым рынку і прапаноўваць патэнцыйным кліентам выгадныя ўмовы. Я ведаю, што беларусы практыкуюць рамонт з вылетам да заказчыка. Але лятаць так далёка – дорага. Больш выгадна было б стварыць нейкія стацыянарныя пункты сервісу. У Гане ці іншай афрыканскай краіне.
Еўрарадыё: Дык улады пераследуюць эканамічную выгаду такім рашэннем?
Аляксандр Алесін: Думаю, што гэта выгадна перадусім эканамічна, бо Беларусь не імкнецца стварыць нейкі ваенны блок. Звычайна гандаль зброяй мае пад сабой палітычную падаплёку – гэта вярбоўка прыхільнікаў і стварэнне сферы ўплыву праз зброю.Тут праглядаюцца планы пачаць з ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва эканамічную экспансію. А потым паступова перайсці да рамонту і мадэрнізацыі, нейкай адвёртачнай зборкі нейкага машынабудаўнічага, сельскагаспадарчага ці яшчэ нейкага абсталявання. Але ўлічваючы, што ваенныя пастаўкі заўсёды на першым месцы, то ёсць жаданне праз іх зрабіць нейкі плацдарм у Афрыцы. Ну і другое, чаму на ўсю Афрыку? Звычайна парк верталётаў у гэтых краінах невялікі. І будаваць прадпрыемства для адной краіны, калі звычайна ў гэтых краінах 6-8 ці пры вялікай авіяцыі 10 верталётаў. Для атрымання камерцыйнай выгады трэба, каб быў вялікі паток заказаў. Канешне, апраўдана, калі рабіць апорны пункт у гэтым рэгіёне, то разлічваць на рынак усёй Афрыкі. Але думаю, што гэта будзе няпроста, бо будзе канкурэнцыя.
Еўрарадыё: Ці ёсць магчымасць пазмагацца з канкурэнтамі ў афрыканскім рэгіёне?
Аляксандр Алесін: Думаю, так, бо на Аршанскім заводзе напрацаваны неблагі досвед. Яны маюць усе сертыфікаты ад распрацоўшчыка і вытворцы гэтых верталётаў. Канешне, гэта будзе пры партнёрстве, я думаю, беларуска-расійскі праект, бо распрацоўшчык – гэта расійская фірма. Беларусь выступае галаўным прадпрыемствам, а запчасткі будуць пастаўляцца з тэрыторыі, можа, усяго савецкага саюза, перш за ўсё – Расіі і Украіны.
Еўрарадыё: Міністр абароны Ганы выказаў пажаданне аб стварэнні навучальнага цэнтра для пілотаў. Там будуць вучыцца ваенныя пілоты?
Аляксандр Алесін: Ну чаму ваенныя? Верталётчык спачатку верталётчык, а потым яго ўжо можна спецыялізаваць і на ваенна-транспартную авіяцыю, і на баявую, і на выратавальную. МІ-17 – гэта шматпрофільны верталёт. Можа выкарыстоўвацца і ў якасці дэсантнага, транспартнага, санітарнага, а таксама для агнявой падтрымкі сухапутных сіл. У нас ёсць ужо досвед падрыхтоўкі верталётчыкаў у ваеннай акадэміі. Акрамя таго ёсць кадры, якія ваявалі ў Афганістане. Думаю, што Беларусь здольная арганізаваць цэнтр навучання. У нас дастаткова магчымасцяў. Не горш, чым у Расіі, калі ўлічыць, што мы больш беражліва ставіліся да свайго патэнцыялу ў свой час.
Фота: topwar.ru