Навошта казакі трэніруюцца са зброяй у беларускіх лясах
У “Казачым спасе” Еўрарадыё тлумачаць, навошта вучаць дзяцей страляць з аўтаматаў. А гісторык распавядае, якое дачыненне да Беларусі маюць казакі.
Калі ва Украіне сепаратысты распачалі вайну за далучэнне да Расіі, то і многія беларусы сталі больш пільнымі. Напрыклад, з’явіліся скаргі наконт баявых груп, якія трэніруюцца ў нашых лясах.
Так, на рэгіянальным сайце vialejka.info былі размешчаныя здымкі, дзе зафіксаваныя ваенна-палявыя зборы казакоў гадавой даўніны. На фотаздымках людзі ў форме трэніруюцца са зброяй. У тым ліку, карыстацца аўтаматамі яны вучаць малых дзяцей. Чыста знешне людзі з фотаздымкаў нечым падобныя да сепаратыстаў з усходу Украіны.
Высвятляецца, што мерапрыемства, пра якое ідзе гаворка, летась у ліпені арганізаваў вайскова-патрыятычны цэнтр “Казачы спас”, які функцыянуе пры вядомай грамадскай арганізацыі “Горад без наркотыкаў”.
“Так, гэта былі нашы дарослыя ваенна-палявыя зборы. Адначасова тады нас папрасілі арганізаваць трохдзённы дзіцячы летнік. Але насамрэч ваенна-патрыятычныя летнікі мы праводзім рэгулярна цягам пяці гадоў, — кажа кіраўнік “Гораду без наркотыкаў” казак Пётр Шапко. ― У тым ліку, гэта дзяржаўныя лагеры, дзе мы ўдзельнічаем. Мы лічым ваенна-патрыятычную падрыхтоўку адным з асноўных фактараў выхавання хлопчыкаў”.
Еўрарадыё: На фотаздымках са збораў ― дзеці з аўтаматамі. Многім гэта падаецца неэтычным.
“Абарона Радзімы, абарона сваёй зямлі для некага сталі парушэннем маралі?” ― здзіўляецца Пётр Шапко.
Еўрарадыё: На якіх прыкладах вы выхоўваеце сваіх юных паплечнікаў?
Пётр Шапко: Ідэалогія наша грунтуецца на праваслаўі ― нашай спрадвечнай, традыцыйнай веры. Нічога негатыўнага для краіны, тым больш, для ўлады, ад нас быць не можа. Вера кажа пра тое, што любая ўлада ― яна ад Бога. І выхаванне моладзі на такіх традыцыйных каштоўнасцях гэта акурат тое, што можа даць магчымасць дзяржаве ўстаяць.
Еўрарадыё: Людзей непакоіць, што для казакоў Беларусь ― гэта частка так званай Вялікай Русі з цэнтрам у Маскве. Магчыма, некаторыя людзі баяцца перспектываў агрэсіі з боку Расіі і таго, што ў нас ёсць групы, якія гэту агрэсію ў выпадку чаго падтрымаюць.
Пётр Шапко: Хачу ўсіх супакоіць. Які сэнс некаму нападаць на саюзную дзяржаву? Мы і так разам з Расіяй. У нас агульная абарона, агульныя межы, ваенныя часці расійскія стаяць на тэрыторыі Беларусі. Мы праводзім сумесныя вучэнні, у нас вельмі моцныя эканамічныя сувязі. Таму я лічу такія развагі інсінуацыяй.
Еўрарадыё: Разам з тым у 2010-м годзе, нягледзячы на размовы пра саюзную дзяржаву, па расійскім канале НТБ паказвалі серыял “Хросны Бацька”. Там Аляксандра Лукашэнку абвінавачвалі ў забойстве палітычных апанентаў, карумпаванасці і гэтак далей. Хто ведае, ці не пяройдуць сённяшнія расійскія ўлады ў крытычны момант ад прапаганды да больш рашучых дзеянняў…
Пётр Шапко: Па-першае, кожны канал ― гэта прапаганда, няма іншых. Па-другое, трэба разумець, каму належаць гэтыя тэлеканалы. Гэта алігархі, фінансавыя структуры, у якіх галаўныя офісы знаходзяцца нават не ў Расіі (НТБ, дзе паказвалі “Хроснага Бацьку”, належыць “Газпраму”, ― заўв. Еўрарадыё). Мы дакладна ведаем, што расіяне ніколі дрэннага слова пра Лукашэнку не казалі.
Еўрарадыё: Якіх мэтаў хацелі б дасягнуць у “Казачым спасе”?
Пётр Шапко: Гэта арганізацыя вайскова-патрыятычнай падрыхтоўкі на тэрыторыі ўсёй краіны. Мы супрацоўнічаем і з органамі МУС, і з Мінадукацыі, і з Міністэрствам абароны. Мы разумеем, што дзяржава абавязаная ўсё кантраляваць і спадзяемся, што нашы ініцыятывы пачнуць шырока падтрымліваць і да нас выявяць давер.
Гісторык: “Казацтва як нашай нацыянальнай з’явы не існавала”
Пра патрэбнасць казакоў у беларускім грамадстве спрачаюцца. З аднаго боку, яны заклікаюць да барацьбы з алкагалізацыяй і наркотыкамі, да праваслаўных традыцый. З іншага, ці ўзгадаеце хоць аднаго казака, які б стаў постаццю ў беларускай гісторыі?
Каб разабрацца, наколькі паняцце казак актуальнае для гісторыі Беларусі, звяртаемся ў Нацыянальную акадэмію навук. Нас накіроўваюць да знанага спецыяліста ў казацкім пытанні, кандыдата гістарычных навук, загадчыка кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Скарыны Станіслава Чарапко.
“Магу абсалютна адказна сказаць, што беларускага казацтва як нашай нацыянальнай з’явы не існавала, ― запэўнівае гісторык. ― Калі ўжо гаварыць пра нейкае беларускае казацтва, то яго можна разглядаць толькі як неад’емную частку ўкраінскага. У некаторых нашых рэгіёнах працэс паказачвання меў месца. А канкрэтна, калі Палессе знаходзілася пад кантролем казакоў з Украіны (падчас казацка-сялянскай вайны 1648—1651 гадоў). Тут афармляліся атрады, якія ў навуковай літаратуры, пераважна ўкраінскай, атрымалі назву палкі. Існавалі Тураўскі, Пінскі, Гарадзецкі палкі. Там былі свае асавулы, атаманы. Але працэс складвання казацтва ў Беларусі быў кароткатэрміновым. Казак ― гэта чалавек, з несялянскім светапоглядам. Для яго асноўны занятак ― гэта вайна. Для нашых жа людзей асноўным заняткам працягвала з’яўляцца сельская гаспадарка. У 1649 годзе Януш Радзівіл выцесніў ад нас усіх казакоў”.
Падчас так званай Невядомай вайны з Масквой (1654-1667 гады, загінуў кожны другі жыхар на тэрыторыі Беларусі) украінскія казакі зноўку захапілі Палессе і частку Падняпроўя.
“Але ўжо пасля 1656 года як нейкая сацыяльная з’ява казакі знікаюць. Нават тыя жыхары Палесся, якіх паказачылі, сталі ваяваць на баку Рэчы Паспалітай”,― рэзюмуе Станіслаў Чарапко.
Еўрарадыё: У некаторых беларускіх СМІ абаронцы казацкай традыцыі апелююць да 1654 года, калі ў Чавусах быў створаны казацкі полк. Гэта вайсковае фармаванне спачатку ваявала на баку маскоўскага цара.
Станіслаў Чарапко: Полк быў сфармаваны Канстанцінам Паклонскім па царскім загадзе Аляксея Міхайлавіча. Па дакументах можна прасачыць, што людзей туды набіралі прымусова. Але ў хуткім часе Паклонскі здрадзіў цару і перайшоў на бок канцлера ВКЛ. На гэтым гісторыя казацкага палка бясслаўна скончылася. Гэта была штучная з’ява, якая праіснавала некалькі гадоў.
Еўрарадыё: Ці даспадобы вам як гісторыку тэндэнцыя стварэння казацкіх арганізацый у сучаснай Беларусі?
Станіслаў Чарапко: Іх апеляцыя да расійскага казацтва ― гэта палітычныя гульні і шавіністычная форма адраджэння так званага “рускага міра”. Гэта тое самае, як сучасным эстонцам прэтэндаваць на тэрыторыю Беларусі, бо, магчыма, у каменным веку тут жылі фіна-вугры. Так, беларусы-казакі ― такія ў межах украінскага казацтва былі. Другі па колькасці складнік ва Украінскім казацтве ― гэта былі выхадцы з Беларусі. Але іх дзеці адчувалі сябе ўжо украінскімі казакамі. Як той жа Януковіч. Бацькі з Беларусі паходзяць, але ён жа ўжо украінец па сутнасці.