Навошта партыям-фантомам лічыць галасы за чужых кандыдатаў?
Аграрная партыя выставіла кандыдатаў у дэпутаты — 0, вылучыла прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі — 531, гэта амаль кожны другі член партыі.
Партыя АГП вылучыла у дэпутаты 81 чалавека, у камісіі — 3.
Такая ж паслядоўнасць праглядаецца і з іншымі партыямі. Зусім не вылучае кандыдатаў у дэпутаты Рэспубліканская партыя, але мае 327 сваіх людзей у камісіях. Сацыяльна-спартыўная партыя вылучае толькі трох чалавек ў дэпутаты і 582 — у камісіі. Беларускія левыя "Справядлівы свет" вылучылі найбольш кандыдатаў з усіх апазіцыйных партый, а ў камісіях маюць толькі 12 чалавек.
"Мы падалі больш за 200 чалавек. Але ўключылі вельмі мала. Не плануецца нармальны падлік галасоў. Пакуль усё ідзе як звычайна. Чальцы камісій — правераныя ўладамі людзі. Мы не лічым, што будзе сумленны падлік галасоў", — кажа намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў.
Партый, якія не вылучаюць кандыдатаў, на думку Ухналёва — фантомы, якіх насамрэч няма. Але навошта такія партыі ўвогуле патрэбныя?
"Яны з'яўляюцца толькі падчас выбараў. Бо трэба фармальна выконваць патрабаванні Выбарчага кодэкса, дзе запісана, што траціна складу камісій павінна быць з прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў. Фармальна кодэкс не парушаны. Гэта праца уладаў, бо яны фармуюць камісіі. Яны падбіраюць туды людзей, якія патрэбныя. Мы сутыкаліся з выпадкамі, калі людзі, вылучаныя праз партыі, не ведалі, што яны ў гэтай партыі".
Чаму партыі вылучаюць людзей у камісіі, але не ідуць у дэпутаты? Гэта ж палітычныя партыі! Спробы запытацца ў саміх партый скончыліся нічым. Па тэлефонах Партыі працы і справядлівасці адказвае турыстычнае агенцтва. Рэспубліканскай партыі ўжо няма па юрыдычным адрасе.
"У іх раней тут быў юрыдычны адрас. Але яны тут не знаходзяцца і ніякіх кантактаў іх у мяне няма".
Затое атрымоўваецца адшукаць Сацыяльна-спартыўную партыю. Намесніца старшыні партыі Алена Клюйкава тлумачыць Еўрарадыё, што партыя мае прадстаўнікоў ва ўсіх раённых камісіях Мінска, але вылучыла толькі двух (!) кандыдатаў у Мінгарсавет.
"Мы дастаткова спецыфічная партыя. У нас мала ў кіраўніцтве партыі і сярод членаў партыі людзей пенсійнага ўзросту, беспрацоўных. У нас у асноўным спартоўцы, былыя спартоўцы, якія займаюцца камерцыяй. У асноўнай масе партыя складаецца з людзей паспяховых і занятых у сваім бізнесе. Па вялікім рахунку, гэта не моцна некаму патрэбна".
Затое сябры партыі чамусьці актыўна ідуць у камісіі і назіральнікі.
"Мы лічым, што ў краіне павінны быць законы, і яны павінны быць аднолькавыя для усіх. Таму калі адбываюцца базісныя падзеі, якія вызначаюць законнасць усяго, што адбываецца ў краіне, а менавіта выбары, — мы ў іх па максімуме ўдзельнічаем. У нас няма карыслівых інтарэсаў. Мы хочам, каб працэдура выбараў была максімальна празрыстая".
Прыкладна тое ж патрэбна і апазіцыйным партыям, якія, да таго, ідуць на выбары.
Колькасць сябраў камісій |
Колькасць кандыдатаў |
|
Аграрная партыя |
531 |
0 |
Справядлівы свет |
12 |
88 |
Грамада |
2 |
42 |
Сацыяльна-спартыўная партыя |
582 |
3 |
КПБ |
575 |
255 |
АГП |
3 |
81 |
Партыя БНФ |
6 |
27 |
Рэспубліканская партыя |
327 |
0 |
Партыя працы і справядлівасці |
699 |
48 |
Фота: Белта