Назіральніцы, якая заявіла пра фальсіфікацыі на выбарах, далі 2,7 млн штрафу

Назіральніцы, якая заявіла пра фальсіфікацыі на выбарах, далі 2,7 млн штрафу

Увечары 4 лістапада суд Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці пастанавіў даць маладому палітыку Алёне Луцковіч штраф у 15 базавых велічыняў (2,7 млн рублёў) за несакцыянаваны пікет. Гісторыя пачалася з таго, што жанчына падчас выбараў прэзідэнта была назіральніцай на ўчастку №2 г. п. Акцябрскі. Яна прыйшла да высновы, што вынікі былі сфальсіфікаваныя. Каб паведаміць пра гэта шырокай грамадскасці, Алёна Луцковіч выйшла з плакатам на мясцовы рынак. 30 кастрычніка там якраз быў рынкавы дзень.

Пасля пікету жанчына выправілася ў Следчы камітэт і напісала заяву аб парушэнні артыкула №192 крымінальны кодэксу. Мясцовы СК знаходзіцца ў адным будынку з міліцыяй, таму прама там Луцковіч затрымалі і склалі на яе пратакол за несанкцыянаваны пікет.   

“Са сведак былі два індывідуальныя прадпрымальнікі. Адна з іх сказала, што бачыла жанчыну з плакатам, яка была ў сіняй куртцы, і апазнаць мяне не можа. Я ж была ў шэрым паліто. Паказанні другога сведкі супярэчылі пратаколу апытання. Ён сказаў, што падпісаў пратакол, не чытаючы. Яшчэ было два міліцыянеры, якія назіралі за мной падчас пікету. Чакала, што рашэне суда будзе больш жорсткім, але адвакат мяне добра бараніў”, — паведамляе Луцковіч Еўрарадыё пра ход судовага працэсу. Цяпер палітык чакае вынікаў праверкі, якую праводзіць Следчы камітэт.

Нагадаем, пасля публікацыі ЦВК вынікаў выбараў Андрэй Павук, які быў назіральнікам участку №2 у Акцябрскім (дзе назірала і Алёна Луцковіч), апублікаваў у інтэрнэце фота копіі пратакола свайго ўчастка. Згодна з дадзенымі ЦВК, ва ўсім Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці за кандыдата ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч прагаласавалі 94 жыхары, за Сяргея Гайдукевіча ― 116, за Мікалая Улаховіча ― 32, а супраць усіх ― 39 чалавек. У той жа час, толькі згодна з копіяй пратакола выбарчага ўчастка №2, за Караткевіч прагаласавала 226 чалавек, а супраць усіх ― 63. Назіральнікі напісалі скаргу.

Фота Андрэя Павука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі