Назіральнікі ад СНД: Рэкамендавалі перасоўваць сталы на ўчастках

Назіральнікі ад СНД: Рэкамендавалі перасоўваць сталы на ўчастках

Доўгатэрміновыя назіральнікі працуюць у краіне з верасня. Што яны могуць сказаць пра парушэнні?

У прэс-службе ПАСЕ кажуць, што не даюць каментарыяў прэсе, перш за ўсё таму, што каментарыі могуць быць расцэненыя, як агітацыя”. Гэтак жа кажуць і ў БДІПЧ АБСЕ.

З ацэнкай выбарчай кампаніі можна азнаёміцца ў афіцыйных справаздачах. Вось, напрыклад, недахопы са справаздачы БДІПЧ АБСЕ:

“Адсутнасць адзінага спісу выбаршчыкаў. ЦВК дапускае ўключэнне выбаршчыкаў у спіс, як да, так і непасрэдна ў дзень выбараў. Незаўважнасць перадвыбарчай агітацыі, якая афіцыйна праходзіць з 10 верасня”.

Са станоўчых момантаў адзначаецца памілаванне палітычных зняволеных і роўныя ўмовы прадастаўлення бясплатнага эфірнага часу ў дзяржаўных СМІ.

Назіральнікі ад СНД наадварот актыўна каментуюць ход кампаніі. Кіраўнік штаба назіральнікаў ад краін садружнасці Яўген Слабада задаволены выбарамі.

Кампанія праходзіць спакойна і арганізавана. Доўгатэрміновыя назіральнікі СНД наведалі больш за сто тэрытарыяльных камісій і 400 участковых, правялі сустрэчу з кандыдатам Улаховічам. Галоўная выснова: “Парушэнняў не было зафіксавана. Ёсць асобныя тэхнічныя недахопы, але яны хутка выпраўляліся ўчастковымі камісіямі”.

Напрыклад, рэкамендавалі перасунуць сталы, скрыні. “Каб назіральнікі бачылі ўсю працэдуру ад пачатку галасавання да апускання бюлетэня ў скрыню”, — кажа Яўген Слабада.

Назіральнік ад СНД Іван Катлабай, які наведваў участкі Віцебскай вобласці, не можа ўзгадаць парушэнняў:

“Скрыні я глядзеў: добрыя, якасныя, з аргшкла. Я вось не магу па Віцебскім рэгіёне што-небудзь негатыўнае сказаць”, — распавядае ён Еўрарадыё.

Валерый Кліменка ў складзе групы назіральнікаў ад краін садружнасці наведваў участкі ў Брэсцкай вобласці і распавядае пра “пэўную колькасць” недахопаў:

“У памяшканні выбарчай камісіі матэрыялы па кандыдатах выдання ЦВК былі размешчаныя не ў алфавітным парадку. На дзвярах аблвыканкама вісеў плакат выдання не ЦВК, а аднаго з кандыдатаў. Месца падліку галасоў назіральнікамі не зусім можа аглядацца”. Але ўзгадаць для Еўрарадыё, дзе менавіта былі зафіксаваныя гэтыя недахопы, міжнародны назіральнік не змог:

“Разумееце, я наведаў 19 участкаў. За тры дні — гэта як калейдаскоп”.

Такім чынам, прасачыць, ці выправілі тыя недахопы, застаецца немагчымым.

Фота: gazetaby.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі