Назіральнікі: Падлік галасоў на выбарах быў непразрысты і негалосны
Па падліках назіральнікаў, на сёлетніх выбарах на 450 участках у дзень выбараў яўку завысілі на 32 301 чалавека.
Па звестках назіральнікаў, на гэтых участках прагаласавала 336 577 чалавек. А паводле афіцыйных звестак — 368 878. Яўка на гэтых участках у дзень галасавання, паводле назіральнікаў, склала 42%.
З-за парушэнняў назіральнікі лічаць выбары непразрыстымі і недэмакратычнымі. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка распавёў каардынатар кампаніі "Права выбару" Дзяніс Садоўскі.
Дзяніс Садоўскі: "Падлік галасоў адбываўся непразрыста і негалосна. Назіральнікі не маглі пераканацца ў лічбах, сутыкнуліся з перашкодамі ў працы. Было пазбаўлена акрэдытацыі 30 чалавек. Па нашых участках на датэрміновым галасаванні яўка склала 29%, а па лічбах камісіі — 31%".
За ўвесь час выбараў назіральнікі кампаніі "Права выбару" ахапілі 642 выбарчыя участкі. Толькі на 450-ці ім далі інфармацыю пра колькасць грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі ўчасткаў.