Сірата, кіроўца, адэкват: што вядома пра хлопца, які выкраў дзяўчыну ў Брэсце
Раніцай 30 верасня ў цэнтры Брэста малады чалавек выкраў дзяўчыну. Хлопец паклаў яе ў багажнік аўтамабіля, вывез у вёску і збіў бітай. Па звестках “Нашай Нівы”, злачынства здзейсніў 29-гадовы Яўген К. з пасёлка Дзівін Кобрынскага раёна. Яго знаёмыя, з якімі пагаварыла Еўрарадыё, кажуць пра яго толькі добрае і не вераць, што ён здольны на такое.
"Вы дакладна ведаеце, што гэта ён? — пытаецца кіруючая справамі Дзівінскага сельсавета Наталля Вакульчык. — Гэта наш жыхар, ён сірата, але нічога дрэннага не магу пра яго сказаць. Калі гэта сапраўды ён зрабіў [выкраў і збіў дзяўчыну. — Еўрарадыё], мы ў шоку".
Бацькі Яўгена разбіліся ў аўтакатастрофе дзесяць гадоў таму. Каб клапаціцца пра яго і яго малодшую сястру Алесю, з Украіны прыехала бабуля па матчынай лініі. У адным доме з ёй хлопец і жыў да апошняга дня.
Яўген К. працаваў кіроўцам на ААТ "Днепра-Бугскі" — вазіў кіраўніка прадпрыемства, але звольніўся некалькі гадоў таму. На момант здзяйснення злачынства хлопец часова не працаваў.
Сястра хлопца да гэтага часу працуе на тым жа прадпрыемстве, але цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
"Ён калісьці працаваў у нас кіроўцам, — распавялі супрацоўнікі ААТ "Днепра-Бугскі". — Хлопец адэкватны. Нічога дрэннага не можам сказаць. Спіртное? Ніякіх шкодных звычак мы за ім не заўважалі. Дакладна гэта ён зрабіў? Жах нейкі... Гэтая дзяўчына хаця б жывая?"
Пра дзяўчыну, якую выкраў Яўген К., вядома няшмат. Яе клічуць Лізавета С., ёй 21 год. Цяпер яна ў лякарні.
"Моладзь тут кажа, што гэта былая яго дзяўчына, яны сустракаліся з ёй раней. Яна таксама наша, Дзівінская. Наша Лізавета, — кажа Наталля Вакульчык. — Мы пакуль самі проста ў шоку, і не верым гэтаму ўсяму..."
Раніцай 30 верасня ў двары па вуліцы Маскоўскай у Брэсце малады чалавек схапіў дзяўчыну і прывёз яе ў багажніку аўтамабіля ў вёску Бусні Жабінкаўскага раёна. Там ён некалькі разоў ударыў яе па галаве бейсбольнай бітай. Хлопца затрымалі, дзяўчыну даставілі ў бальніцу. Распачатая крымінальная справа па артыкуле “Крадзеж чалавека”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.