"Не пакіну маці": чаму ўкраінцы застаюцца ў разбураных прыфрантавых гарадах?

Аўдзееўка, Украіна

Аўдзееўка, Украіна / REUTERS

Насельніцтва прыфрантавога ўкраінскага горада Аўдзееўка скарацілася за месяцы поўнамаштабнай вайны з 30 тысяч да тысячы чалавек.

Гэты стратэгічна важны населены пункт размешчаны проста на лініі фронту на ўсходзе Украіны. Яго часам называюць "брамай" ў акупаваны Данецк. Саму Аўдзееўку і яе наваколлі ўкраінскія войскі ўтрымліваюць з 2014 года. Рэшткі горада цяпер уяўляюць сабой моцна ўмацаваны раён. ВВС публікуе рэпартаж з Аўдзееўкі — горада, якога больш няма.

Большасць людзей уцякла адсюль. Але некаторыя вымушаныя заставацца, каб прыглядаць за пажылымі сваякамі.

"Я не магу пакінуць маці. Яна сказала, што хоча спаць у сваім ложку. Ёй 71 год, і ў яе праблемы з нагамі. Калі яна застанецца адна, у яе не будзе ні вады, ні дроў для ацяплення", — кажа журналістам мясцовая жыхарка Ганна.

Яна жыве ў кватэры на пятым паверсе пад пастаяннымі абстрэламі.

"Вокны і дзверы разбітыя. Бо нас атакуюць штодня, іх складана адрамантаваць, бо на наступны дзень яны зноў зламаюцца", — кажа мясцовая жыхарка.

Многія жыхары горада перабраліся ў спецыяльны прытулак — такія адкрытыя ва ўсёй краіне. Там можна знайсці ежу, цяпло і сховішча.

Вывозіць людзей з горада складана і небяспечна. Эвакуацыяй кіруе спецыяльнае паліцэйскае падраздзяленне, якое называюць "Белыя анёлы". Але ім часам складана пераканаць людзей з'ехаць.

Адна з мясцовых жыхарак, рыхтуючыся да ад'езду, успамінае Аўдзееўку да вайны:

"Там быў парк, бульвар. Там было шмат крамаў. Мы саджалі дрэвы. Тут было вельмі прыгожа. У нас быў культурны цэнтр, праходзіла шмат фестываляў і святаў".

Яна спадзяецца аднойчы вярнуцца ў горад, але баіцца, што вяртацца будзе няма куды:

"Аўдзееўкі больш няма".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі