Не толькі IKEA: хто яшчэ выкарыстоўваў прадукцыю беларускіх зэкаў?
Шэраг мэблевых гігантаў фінансуе рэжым Лукашэнкі, закупляючы драўніну, нарыхтаваную ў калоніях Беларусі / intex-press
Не толькі IKEA супрацоўнічала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных. Расследавальнікі з брытанскай Earthside выявілі, што шэраг мэблевых гігантаў фінансуе рэжым Лукашэнкі, закупляючы драўніну, нарыхтаваную ў калоніях Беларусі.
Сам па сабе факт закупак у калоніях не з'яўляецца парушэннем нейкіх нормаў. Аднак зняволеныя неаднаразова скардзіліся, што праца ў калоніях дэ-факта прымусовая: людзей выганяюць на дрэваапрацоўку і лесанарыхтоўкі пад страхам катаванняў і фактычна без аплаты.
Пераказваем асноўнае з расследавання.
Дваццаць розных дзяржаў — сябраў ЕС працягваюць імпартаваць драўляную мэблю з Беларусі з моманту ўступлення ў сілу санкцый на неапрацаваную драўніну. Аднак найбуйнейшымі пакупнікамі на дадзены момант з'яўляюцца Польшча, Германія і Літва. Польшча і Літва ў асноўным імпартуюць мэблевыя часткі, прызначаныя для выкарыстання падчас вытворчасці гатовай прадукцыі для далейшага продажу па невядомым адрасе. Германія ж, наадварот, наўпрост купляе гатовыя тавары.
Германія ўжо даўно з'яўляецца лідарам сярод пакупнікоў беларускай драўніны — як драўнянай сыравіны, так і гатовай мэблі. Гэты працэс працягваецца. На момант напісання дадзенага матэрыялу нямецкія кампаніі штотыдзень імпартавалі драўлянай мэблі прыкладна на 1 мільён еўра.
Найбуйнейшы, па ўсім відаць, такі імпарцёр — нямецкая кампанія пад назвай Polipol з галоўным офісам у горадзе Дыпенау на поўначы краіны. Будучы велізарнай міжнароднай фірмай з абаротам у паўмільярда еўра і прыкладна 8500 супрацоўнікаў, Polipol спецыялізуецца на канапах і камфортных мяккіх фатэлях, якія яна вырабляе на сваіх магутнасцях ва Усходняй Еўропе і прадае па ўсім мацерыку. Яна называе сябе "адным з лідараў у сферы вытворчасці мяккай мэблі ў Еўропе".
Зняволеным ПК-5, якіх звозяць на велізарную тэрыторыю "Івацэвічдрэў", былога пастаўшчыка IKEA, хутчэй за ўсё знаёмая назва Polipol... бо ёй належыць мэблевая фабрыка па суседстве.
У 2018 г. Polipol заключыў угоду з беларускім урадам што да адкрыцця новай вытворчасці ў краіне. Угода прадугледжвала, што фірма арандуе плошчы ў дзяржаўнага прадпрыемства "Івацэвічдрэў" і будзе выкарыстоўваць вырабленую ім ДСП для сваіх канапаў. На фірме на дадзены момант працуе 600 чалавек у тры змены, штомесяц вырабляючы мяккай мэблі на адзін мільён еўра — уся яна ідзе на экспарт. Яе беларуская фабрыка прыкладна кожныя 15 хвілін вырабляе канапу або мяккі фатэль. Да ўвядзення нядаўніх санкцый "Івацэвічдрэў" таксама пастаўляў сыравіну на фабрыкі Polipol у Польшчы і Румыніі.
У адрозненне ад IKEA, Polipol адмовілася спыніць сваю дзейнасць у Беларусі праз вайну ва Украіне. 25 красавіка 2022 года Марк Грыў, кіраўнік дырэктар Polipol, заявіў нямецкаму профільнаму часопісу мэблевай галіны, што "мы асуджаем гэтую жудасную вайну", але фірма працягвае вырабляць мэблю ў Беларусі "ў звычайным рэжыме".
Хай IKEA і перастала выкарыстоўваць мэблевыя панэлі з ДСП, вырабленыя на "Івацэвічдрэў" з дапамогай прымусовай працы палітычных зняволеных, але іх усё яшчэ выкарыстоўваюць падчас вырабу прадукцыі, якая прадаецца ў мэблевых выставачных залах па ўсёй Еўропе. Як пахваліўся генеральны дырэктар "Івацэвічдрэў" у ліпені 2022 года, пасля кароткай паўзы ў пачатку вайны іх "еўрапейскія партнёры гатовыя зноў з намі супрацоўнічаць".
Мэбля Polipol прадаецца ў сотнях крамаў па ўсёй Еўропе, уключаючы 19 краін — сябраў ЕС. Сярод прадаўцоў — аўстрыйская група кампаній XXX Lutz, адзін з найбуйнейшых мэблевых рытэйлераў у Еўропе.
Гэтая фірма, якая атрымала мянушку "аўстрыйскай IKEA" і вядомая ў многіх еўрапейскіх краінах па гіганцкіх чырвоных фатэлях ля сваіх велізарных крамаў, па ўзроўні продажаў на мацерыку саступае толькі шведскай гандлёвай марцы і сцвярджае, што ў яе ёсць "10 мільёнаў пастаянных пакупнікоў".
Мэблю Polipol прадае POCO, даччыная кампанія XXX Lutz, якая з'яўляецца вядомай дысконтнай крамай мэблі — 125 крамаў і больш чым 1,6 мільярда долараў штогадовых продажаў у Германіі. Акрамя таго, мэблю Polipol прадае большасць найбліжэйшых канкурэнтаў XXX Lutz на мэблевым рынку Германіі, уключаючы Porta Mobel / Mobel Boss, Hoffner і Roller.
У Францыі канапы Polipol прадаюцца ў гандлёвых пунктах найбуйнейшай айчыннай мэблевай сеткі BUT. IKEA фактычна з'яўляецца адзінай з 10 найбуйнейшых мэблевых рытэйлераў Еўропы, якая не мае ў продажы прадукцыі гэтай фірмы.
Мэбля вытворчасці "Івацэвічдрэў" таксама прадаецца ў Германіі. Звязаўшыся з кампаніяй пад выглядам патэнцыйных кліентаў у лістападзе 2022 года, Earthsight даведалася, што "Івацэвічдрэў" прадае мэблю нямецкай кампаніі Bega Group.
Bega, якая ў апошнія гады заняла прыбытковую нішу на еўрапейскім мэблевым рынку, спецыялізуючыся на значна ніжэйшых цэнах, чым можа дазволіць сабе любы канкурэнт, у 2021 годзе мела абарот у памеры 622 млн еўра. Фірма пастаўляе мэблю рытэйлерам па ўсёй Еўропе, у тым ліку філіялам XXX Lutz.
XXX Lutz паведаміла Earthsight, што яе закупкі, а таксама закупкі яе даччыных кампаній Poco і BUT, праводзяцца праз трэці бок, нямецкую кампанію GIGA International, і накіравала да іх па адказ. GIGA заявіла пра спыненне любога супрацоўніцтва з непасрэднымі пастаўшчыкамі ў Беларусі ў лютым 2022 года.
Яна сцвярджае, што запатрабавала ў сваіх (непрамых) пастаўшчыкоў Polipol і Bega падрабязную справаздачу. GIGA заявіла ,што "абавязвае ўсіх пастаўшчыкоў прытрымлівацца ўсіх дзейных правілаў і законаў" і што гэта "ключавы складнік дамоваў пастаўкі".
Кампанія сцвярджае, што яе ўласны і знешні аўдыт яе ланцужкоў пастаўкі ў Беларусі ў 2021 г. "не выявілі неадпаведнасцяў", у тым ліку што да правоў чалавека. IKEA сказала, што не будзе каментаваць, а Bega Gruppe, Roller і Porta Mobel / Mobel Boss не адказалі на просьбы пра каментары. Таксама прамаўчалі "Іванцэвічдрэў" і "ФанДОК".
"Еўрапейскія спажыўцы цяпер з'яўляюцца не толькі саўдзельнікамі катаванняў палітычных зняволеных і наўпрост падтрымліваюць жорсткага дыктатара. Дапамагаючы рэжыму Лукашэнкі купляй мэблі, яны таксама спрыяюць злачыннай вайне Расіі ва Украіне", — рэзюмуе выданне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.