Нерухомасць дарагая, а падаткі сельскія: чаму Бараўляны могуць стаць горадам
Дамы ў Бараўлянах / mapid.by
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вёсцы Бараўляны трэба даць статус горада ўжо ў 2022 годзе. Прычына можа быць не толькі ў тым, што насельніцтва Бараўлянаў за апошнія гады павялічылася, але і ў тым, што так бюджэт атрымае больш падаткаў.
Паводле апошніх звестак, якія можна знайсці ў інтэрнэце, у 2018 годзе ў Бараўлянах жыло больш за 16,7 тысячы чалавек. Паводле звестак Мінрайвыканкама, у Бараўлянскім сельсавеце, куды ўваходзіць усяго 18 населеных пунктаў, жыве амаль 51 тысяча чалавек.
Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, што прынясе Бараўлянам статус горада.
Бізнес застанецца з ільготамі
Паколькі ў Беларусі дзейнічаюць шырокія льготы на вядзенне бізнесу ў сельскай мясцовасці, можа здацца, што ў бараўлянскіх бізнесменаў іх хочуць адабраць. Гэтыя льготы прапісаныя ў дэкрэце ад 7 траўня 2012 г. №6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці".
Калі Бараўляны стануць горадам, то гэта будзе альбо малы, альбо сярэдні горад, значыць, ён усё роўна будзе трапляць пад рэгуляванне дэкрэта №6, расказвае сяброўка праўлення, экспертка Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў, дарадца адвакацкага бюро "Гарэцкі і Партнёры" Наталля Зварано.
— Пад тэрыторыяй сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці разумеецца тэрыторыя Рэспублікі Беларусь, за выключэннем тэрыторыі гарадоў Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Жодзіна, Жлобін, Ліда, Мінск, Магілёў, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк, Салігорск, — гаворыцца ў дэкрэце.
— Гэта значыць, усе, хто зарэгістраваны ў Бараўлянах з ільготамі паводле шостага дэкрэта, працягнуць імі карыстацца. Калі, вядома, у дэкрэце не будзе спецыяльных змен і Бараўляны не ўнясуць у спіс выключэнняў, — адзначае Наталля Зварано.
Настаўнікі, лекары і пенсіянеры пачнуць плаціць падатак на нерухомасць
Папоўніць бюджэт, зрабіўшы Бараўляны горадам, ва ўладаў усё ж атрымаецца за кошт падвышэння падаткаў на нерухомасць і здачу жылля ў арэнду.
Бараўляны знаходзяцца за шэсць кіламетраў ад МКАДа. У вёсцы развітая інфраструктура, а да бараўлянскіх лекараў ездзяць у тым ліку з Мінска. Па звестках сайта агенцтва нерухомасці "Твая сталіца", кошт квадратнага метра жылля ў новабудоўлі там імкнецца да $1100, а бывае і вышэйшы. У Мінску можна знайсці "квадрат" у новабудоўлі за $1300–1400. Праўда, жыллё, якое прапануецца да продажу ў Бараўлянах за $1100, выглядае прывабней.
— Могуць памяняцца каэфіцыенты па падатку на нерухомасць, па зямельным падатку, якія ўсталёўваюцца зыходзячы з віду мясцовасці і тэрыторыі. Гэта адаб'ецца і на стаўцы падатку на здачу жылля ўнаймы. Але стаўкі будуць вядомыя, калі будзе прысвоены статус.
Без новых ставак ацаніць змены немагчыма, але іх падвышэнне не моцна зменіць жыццё будучых гараджан, лічыць Наталля Зварано.
— Калі зыходзіць з сітуацыі, што ў Бараўлянах дарагое жыллё і забудова, то падвышэнне падаткаў неістотна паўплывае на фінансавы стан уладальнікаў. Тут логіка, напэўна, ёсць. Адна рэч, калі мы раптам зробім Драгічын цэнтрам сусвету, а ўзровень жыцця насельніцтва там відавочна не дацягвае да Бараўлянаў. Гэта было б дзіўна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.