Новы кіраўнік дыпмісіі Італіі ў РБ не будзе ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку

Амбасада Італіі ў Мінску

Амбасада Італіі ў Мінску / yandex.by/maps

Новы кіраўнік дыпламатычнай місіі Італіі ў Беларусі П'етра Тамаза Маркеджані прыбудзе ў Мінск у статусе часовага паверанага. Таму ён не будзе ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта паведаміў у сацсетках дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Паводле яго, Офіс Ціханоўскай — у пастаянным кантакце з МЗС Італіі.

"П'етра Тамаза Маркеджані прыбудзе ў статусе часовага паверанага і не будзе ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку. Прынамсі, пра гэта была дамоўленасць з міністрам замежных спраў Італіі", — сцвярджае Вячорка.

Раней пра тое, што П'етра Тамаза Маркеджані зробіцца новым кіраўніком італьянскай дыпмісіі ў Мінску, паведаміў амбасадар гэтай краіны Марыё Бальдзі. Пра гэта ён напісаў у пасланні з нагоды завяршэння сваёй працы ў Мінску. Бальдзі адзначыў, што пяць гадоў яго працы ў Беларусі былі вельмі напружанымі і цяжкімі. Былі пандэмія, сур'ёзныя хваляванні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і, нарэшце, вайна ва Украіне.

"Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, я стараўся ўмацоўваць адносіны з Італіяй, трымаць адчыненымі дзверы палітычнага дыялогу, развіваць гандаль, нашу мову і культуру, не забываючы пра абарону і дапамогу вам, італьянскім грамадзянам, якім я аддаваў усю сваю ўвагу, каб гарантаваць хуткае і эфектыўнае консульскае абслугоўванне", — гаварылася ў паведамленні, апублікаваным на сайце дыпмісіі.

П'етра Тамаза Маркеджані, які едзе на змену Марыё Бальдзі, раней працаваў у амбасадах у Маскве (2000-2004 гг.) і Бруселі (2004-2007 гг.). Акрамя таго, ён узначальваў у МЗС Італіі ўпраўленне па двухбаковых сувязях з краінамі Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы. Апошнім часам займаў пасаду генеральнага консула Італіі ў Жэневе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі