Новы пасол Швейцарыі ўручыла Макею копіі даверчых грамат
9 лютага новы пасол Швейцарыі ў Беларусі Крысцін Хонэгер-Залатухін уручыла міністру замежных спраў РБ Уладзіміру Макею копіі даверчых грамат. Пра сустрэчу паведамляе прэс-служба МЗС нашай краіны. Адзначаецца, што гаворка ішла пра "актуальны стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Швейцарыі", у тым ліку ў палітычнай і гуманітарнай галінах.
Наперадзе — уручэнне даверчых грамат Аляксандру Лукашэнку. Раней у МЗС Швейцарыі патлумачылі, што гэта не з'яўляецца актам яго прызнання (на Захадзе не прызнаюць легітымнасць Лукашэнкі).
Новы пасол адразу ж збіраецца заняцца лёсам беларускай палітзняволенай, грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ. За ўдзел у пратэстах у Мінску яна ў снежні 2020-га была асуджана на 2,5 года калоніі строгага рэжыму. Хершэ трымаецца мужна: аб'яўляе галадоўкі, адмаўляецца пісаць памілаванне на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Улады Швейцарыі працяглы час дамагаюцца вызвалення сваёй грамадзянкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.