Новыя праграмы для дзіцячых садкоў накіраваныя на "выхаванне павагі да РБ"
Мерапрыемства ў дзіцячым садку Нясвіжа
З пачатку навучальнага года ў беларускіх дзіцячых садках выкарыстоўваюць абноўленыя праграмы адукацыі і выхавання дзяцей. Пра гэта ў эфіры СТВ казаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
"У прыярытэце, вядома, стаіць падрыхтоўка да таго жыцця нашых самых маленькіх выхаванцаў — да прыходу ў школу, да выхавання паважлівага стаўлення да нашай краіны", — заявіў ён. На словы чыноўніка звярнула ўвагу агенцтва "Позірк". Іванец таксама нагадаў, што "выхоўваць гонар за сваю краіну" з гэтага года пачалі і ў школьнікаў — у рамках новага прадмета "Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі". Паводле яго слоў, гэтая інтэграваная дысцыпліна закліканая не проста даць гістарычныя веды, а "сфармаваць светапогляд".
Летась, нагадаем, у школах з'явіліся падручнікі "Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Пры гэтым беларускія ўлады спрабуюць правесці паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі беларускіх пратэстаў у 2020 годзе. А расійскі амбасадар у Беларусі Барыс Грызлоў у лютым 2024 года анансаваў выпуск адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і ВНУ ў Беларусі і Расіі. Ён казаў, што ў краінах "дагэтуль ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзей у гісторыі і СССР, і Расійскай імперыі". З выхадам адзінага падручніка гэтыя падзеі будуць разглядацца з аднаго гледзішча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.