Няхай выканаўцы злачынстваў падумаюць пра сябе — Ціханоўская пра "прысуд" у РБ

Пракурор Міхаіл Кавалёў у Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка 2023 года / sb.by
Пракурор Міхаіл Кавалёў у Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка 2023 года / sb.by

Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала "завочны прысуд", агучаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі 15 гадоў калоніі для яе. "З ім ці без яго — я і дэмакратычныя сілы рабілі і працягнем рабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных зняволеных і прывесці нашую краіну да дэмакратычных пераменаў, — піша палітык. — Сёння я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны. 5, 16, ці 22 гады…".

Ціханоўская не хоча думаць "пра рэжымных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў", пра тых, хто "выконвае гэтыя злачынствы". "Няхай яны лепш падумаюць пра сябе самі: бо Лукашэнка не стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе, для якога беларускія юрысты ўжо сабралі дастатковую колькасць сведчанняў, — працягвае палітык. — Ён будзе ратаваць толькі сябе і сваё блізкае кола. Дык ці варта падстаўляць саміх сябе дзеля абароны таго, хто і так асуджаны на правал?".

"Справу" Каардынацыйнай рады разглядаў Мінскі гарадскі суд, суддзя — Пётр Арлоў, пракурор Міхаіл Кавалёў. Па ёй таксама Павел Латушка быў "завочна асуджаны" на 18 гадоў (пракурор прасіў для яго і Ціханоўскай па 19 гадоў калоніі), Вольга Кавалькова, Марыя Мароз і Сяргей Дылеўскі — на 12 гадоў. Іх прызналі вінаватымі па шматлікіх абсурдных абвінавачваннях.

У РБ завочныя суды ўвялі з мінулага года, паколькі не могуць дабрацца да палітуцекачоў, якія знаходзяцца за мяжой. "Завочна вы мяне можаце нават расстраляць!", заявіла спартсменка Аляксандра Герасіменя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі