Офіс Ціханоўскай: санаторый у Літве мог бы прыняць дзяцей і сваякоў рэпрэсаваных
Санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі / eurokurort.by
У Офісе Святланы Ціханоўскай мяркуюць, што санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі мог бы прыняць дзяцей і сваякоў рэпрэсаваных, якія пацярпелі ад мінскага рэжыму. Такой была рэакцыя на прапанову МЗС Літвы.
"Беларусы, якім неабходна лячэнне і адпачынак, маюць права адпачываць у санаторыі ў Друскінінкаі. Бо ён належыць беларускаму народу, а не групе самазванцаў, якая захапіла ўладу. Абсалютна непрымальна, каб у гэтым санаторыі адпачывалі тыя, хто датычны да рэпрэсій у Беларусі і вайне ва Украіне. Офіс Ціханоўскай і адпаведныя структуры гатовыя аказваць дапамогу ўладам Літвы ў верыфікацыі тых, хто едзе туды на адпачынак і рэабілітацыю", — кажуць у Офісе Ціханоўскай.
Як распавядала Еўрарадыё, МЗС Літвы прапанавала адміністрацыі санаторыя ўзгадняць спіс беларускіх адпачывальнікаў з Офісам Ціханоўскай. Перад тым санаторый абвясціў пра вымушанае звальненне яшчэ 60 чалавек, што складае чвэрць усяго персаналу. Звальненне работнікаў выкліканае малой колькасцю турыстаў: пасля пачатку расійскай вайны супраць Украіны Літва перастала выдаваць турыстычныя візы грамадзянам Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.