Па новым тарыфе на ваду мінчане будуць пакрываць 83% ад яе сабекошту замест 23%
З 1 студзеня 2016 года ў Мінску павінны дзейнічаць новыя тарыфы на ваду-каналізацыю. Цяпер кошт будзе складаць 8 914,7 за кубічны метр супраць ранейшых 2 515,2. Гэтая лічба, аднак, яшчэ канчаткова не зацверджана і знаходзіцца на ўзгадненні ў Міністэрстве юстыцыі.
Еўрарадыё даведалася ў “Мінскводаканале”, што сярэдні сабекошт вады і каналізацыі за адзінаццаць месяцаў мінулага года склаў 10 769,1 (вада – 6 743,9, каналізацыя – 4 025,2). То бок, сабекошт перавышае новы тарыф на 1 854,4. Мінчане па-ранейшаму не пакрыюць выдаткаў прадпрыемства.
Гэта датычыцца субсідзіраванага (ільготнага) тарыфу, паводле якога пераважна і разлічваецца кошт у жыроўках. Але існуе яшчэ эканамічна абгрунтаваны, па якім плацяць за спажытую ваду звыш ільготнай нормы.
На “Партале камунальнай пісьменнасці насельніцтва” Еўрарадыё знаходзіць схему з коштамі на водазабеспячэнне і каналізацыю па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Паводле яе, для кожнага абласнога цэнтра кошт адрозніваецца. Самы нізкі — у Мінску, складае 9 000. У Віцебску — самы высокі, 15 408.
Як паведамляюць Еўрарадыё ў “Віцебскводаканале”, прычына — у розных сабекоштах на ваду на кожным прадпрыемстве:
“Віцебскводаканал”: “У кожнага прадпрыемства свой сабекошт, свая тэхналогія. У залежнасці ад тэхналогій і ўмоў працы даводзяцца планавыя затраты, фарміруецца і зацвярджаецца планава-разліковы кошт па кожнай вобласці. Вобласць потым у разрэзе прадпрыемстваў зацвярджае для кожнага прадпрыемства свой планава-разліковы кошт”.
Планава-разліковы кошт — гэта аплата прадпрыемству кубічнага метра вады. Да яго дадаецца адсотак прыбытку. Вось так і фармуецца эканамічна абгрунтаваны тарыф. У Віцебску, напрыклад, сумарны сярэдні сабекошт вады і каналізацыі за адзінаццаць месяцаў 2015 года — 10 765, а для спажыўца, паводле дадзеных у схеме, гэта павінна каштаваць 15 408.
Такім чынам, раней мінчане плацілі 23% ад сабекошту вады-каналізацыі, а цяпер, калі тарыф зацвердзяць, будуць плаціць 83%.