Па "сустрэчцы" па Мінскай кальцавой ехаў 83-гадовы мужчына (відэа)
Героем аўтамабільных гісторыяў 18 чэрвеня стаў 83-гадовы кіроўца "Сітраена". Ён праехаў па МКАД супраць руху некалькі кіламетраў, пакуль яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, паведамляе тэлеканал АНТ.
"Сітраен" рухаўся па самай хуткаснай, трэцяй паласе. Кіроўцы, якім трапіўся гэты адчайны пенсіянер, былі вымушаныя збочваць з яго дарогі. Толькі цудам не адбылося значнага ДТЗ і не было пацярпелых. Хаця адзін з аўтамабіляў усё-ткі быў зачэплены па датычнай.
Даішнікі выявілі, што на сустрэчнай паласе кіроўца апынуўся памылкова, заблытаўшыся пры заездзе на кальцавую дарогу ў раёне вуліцы Шаранговіча. Спыніць яго ўдалося толькі ў раёне праспекта Дзяржынскага. Такім чынам, па "сустрэчцы" ён праехаў каля сямі кіламетраў.