Пад Браславам разбіўся гідрасамалёт, загінуў пасажыр (фота)
Пад Браславам разбіўся трохмесны гідрасамалёт-амфібія “Че-23М”, у выніку чаго адзін з пасажыраў транспартнага сродку загінуў. Трагедыя адбылася ўвечары 27 жніўня каля вёскі Будзілы, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС. Выратавальнікі знайшлі на месцы здарэння гідраплан, з якога выцякала паліва.
Пілот гідрасамалёта з траўмамі рознай ступені цяжкасці знаходзіцца ў лякарні. Адзін з яго пасажыраў памёр па дарозе ў лякарню, другі атрымаў толькі нязначныя траўмы. Расследаванне здарэння праводзіць камісія, у складзе якой прадстаўнікі Дэпартаменту па авіяцыі Мінтранса.
Абставіны інцыдэнту пакуль не паведамляюцца.
Гідрасамалёт-амфібія “Че-23М” з’явіўся ў 2003 годзе. Ён прызначаны для рачнога і марскога патрулявання і перавозкі дваіх пасажыраў, кожны з якіх важыць да 70 кг. Часта яго выкарыстоўваюць як прагулачнае судна, бо гідралет можа садзіцца на ваду і ўзлятае практычна з любой паверхні.