"Пад прэсам": Прадпрымальнікі бастуюць супраць ураўнілаўкі

Як звычайным спажыўцам нельга было не заўважыць, што рынкі амаль не працуюць, так і беларускія СМІ не маглі абмінуць увагай тое, што большасць прадпрымальнікаў пасля Новага году не выйшлі на працу. Інтэрнэт-выданні занепакоіліся – ІПэшнікі бастуюць! “Нягледзячы на звычайны рэжым працы, 2 студзеня больш як 90% прадпрымальнікаў не адкрылі свае гандлёвыя кропкі. У Мінску на рынках у Ждановічах, Малінаўцы, "Экспобеле" працавалі толькі адзінкі. Такая сітуацыя назіралася па ўсёй рэспубліцы. Такім чынам прадпрымальнікі страйкуюць супраць указу № 760”. – піша Хартыя’97.

Аднак ужо праз некалькі дзён нават тыя, хто сцвяржаў, што прадпрымальнікі страйкуюць – пагадзіліся: яны проста яшчэ не выйшлі на працу пасля святаў. Так, старшыня савету прадпрымальнікаў гандлёвых цэнтраў сталіцы “Еўропа” і “Паркінг” Кацярына Чыжык заявіла ў інтэрв’ю Еўрарадыё:

“У гандлёвых цэнтрах працэнтаў 50 працуе. Вельмі цяжка зразумець. То яны кажуць, што бастуюць, то яны кажуць, што аформілі адпачынак і пакуль робяць дакументы. Канкрэтнай інфармацыі няма. Яны напісалі на дзвярах: па тэхнічных прычынах. Калі б яны напісалі: бастуем ці адпачынак… Але ж напісана: па тэхнічных прычынах”.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур неаднаразова ў розных СМІ заяўляў, што хвалявацца не трэба. У інтэрв’ю газеце “Экспресс Новости” ён зазначыў, што ні пра якую забастоўку гутаркі не йдзе:

“У нас студзень – гэта заўсёды мёртвы сезон. Шмат індывідуальных прадпрымальнікаў ішлі ў адпачынак”.

Аднак нашаму радыё ён заявіў: 10 студзеня забастоўка будзе. Яна і адбылася. Больш за тысячу чалавек выйшла на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску. Аднак нават на гэтую падзею погляды ў беларускіх СМІ раздзяліліся.

Так, “Наша Ніва” піша: “Амаль ніхто не чакаў, што акцыя 10 студзеня будзе настолькі масавай і рашучай і што да прадпрымальнікаў, якія складалі толькі частку ўдзельнікаў акцыі далучыцца столькі актывістаў апазыцыі і проста людзей на вуліцах”.

А вось газета “Советская Белоруссия” піша, што прадпрымальнікі, якія выйшлі на плошчу, проста не раумеюць, што робяць:

“Наўрад ці тыя бізнэсмэны, хто выйшлаў на плошчу, разумеюць абсалютна нескладаныя рэчы. Яны, у большасці сваёй простыя і добрыя людзі, і не спакушаныя ў тым, што ў нас разумеецца пад тонкім словам “палітыка”. Таму яны шчыра мяркуюць, што Міхалевіч-Мілінкевіч, якія ніколі ў жыцці не вырасцілі і тым больш не прадалі вядра бульбы, рэальна дапамогуць ім у спецыфічных прадпрымальніцкіх праблемах”.

“СБ” усклікае, чаму звычайная фірма з 5 ці 155 супрацоўнікамі мае адну падатковую базу, а індывідуальныя прадпрымальнікі зусім іншую? Куды як больш ільготную. Дзе ж сацыяльная справядлівасць? Несправядліва!

Журналіст “Экспресс Газеты” быццам адказвае на гэтае пытанне. Шмат хто з сённяшніх ІП і не супраць стаць буйнейшым, зрабіцца юрыдычнай асобай. “Але не галопам, як гэта прапаноўваецца, а з часам, калі будзе створаа і адпрацаваная ўся сістэма і ўсім будзе зразумела, куды пераходзяць ІП і як яны будуць працаваць”.

Можа быць менавіта таму, што пакуль незразумела, куды рухаюцца прадпрымальнікі са сваімі забастоўкамі і ўлады са сваімі ўказамі, некаторыя рэспубліканскія газеты проста маўчаць, не заўважаючы праблемы. Так, “Звязда” увогуле не напісала ні слова пра мітынг.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі