Падазраваны ў крадзяжы карціны Куінджы — з Феадосіі, яго жонка — беларуска
Стала вядомая асоба падазраванага ў крадзяжы карціны Архіпа Куінджы "Ай-Петры. Крым" з Траццякоўскай галерэі. Як інфармуе РБК, гэта — 31-гадовы Дзяніс Чупрыкаў, ураджэнец Феадосіі. Ён атрымаў спецыяльнасці "тэхнолаг зварачных прац" і "слесар". З 2017-га — крымскі прадпрымальнік, займаўся электрамантажнымі працамі. Таксама на Чупрыкава зарэгістраваная маскоўская фірма, якая гандлюе легкавымі аўтамабілямі і рамантуе матацыклы. Аднак з бізнесам мужчыне не шанцавала, ён мае вялікія запазычанасці (браў вялікі крэдыт) — больш за 3600 долараў. Таму не дзіўна, што разам з жонкай Дзяніс Чупрыкаў шукаў у Маскоўскім рэгіёне працу ў якасці "работнікаў па гаспадарцы". Некалькі месяцаў таму ўраджэнца Феадосіі прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства.
Крадзеж адбыўся ўдзень 27 студзеня. Падазраваны зайшоў у выстаўную залу Траццякоўскай галерэі ў Маскве, узяў карціну і спакойна сышоў. Наведвальнікі вырашылі, што гэта супрацоўнік музея (падобнае было ў савецкім фільме "Старыя-разбойнікі"). "Ай-Петры. Крым" ацэньваецца ў мільёны долараў.
Па звестках РБК, жонка Чупрыкава, Юлія Замяціна, з'яўляецца грамадзянкай Беларусі. Яны жылі ў пасёлку Зарэчча Адзінцоўскага раёна Маскоўскай вобласці. Там і затрымалі Чупрыкава. Юлія кажа, што нічога не ведала пра яго планы.
Пасля здарэння ў Траццякоўскай галерэі ва ўсіх федэральных музеях Расіі правераць сістэмы бяспекі. Мяркуецца, што на ўсіх карцінах з'явяцца электронныя датчыкі супраць крадзяжоў.