Падчас затрымання ў Магілёве міліцыянты стралялі адзін у аднаго
Увечары 21 лістапада Еўрарадыё апублікавала відэа затрымання рабаўніка банка ў Магілёве. На ім бачна, як белы аўтамабіль, на якім уцякаў рабаўнік, пераследуюць два аўтамабілі з міліцыяй — адзін службовы, другі — цывільны. Калі аўтамабіль са зламыснікам спыняецца, яго блакуюць праваахоўікі. Пачынаецца перастрэлка, у лабавое шкло аўтамабіля міліцыі трапляе некалькі куль. Сам момант затрымання рабаўніка на відэа не трапляе, але менш чым за хвіліну чуваць да 30 стрэлаў. Па афіцыйных дадзеных, злачынцы паранілі ў нагу, ніхто з праваахоўнікаў не пацярпеў.
Яшчэ праз дзень Аляксандр Лукашэнка дзякуе міліцыянтам за бліскучую аперацыю па абясшкоджванні рабаўніка банка.
Ці сапраўды прафесійна дзейнічалі праваахоўнікі, ці мелі яны права адкрываць агонь, асабліва пасярод прыватнага сектару, чаму ў затрыманні ўдзельнічаюць не байцы АМАП у поўнай баявой амуніцыі, а супрацоўнікі ў штацкім ды звычайны патруль, мы спыталі ў былога следчага пракуратуры, праваабаронцы Алега Воўчака, з якім прааналізавалі відэа затрымання.
“Па першым кадры, па капоце аўтамабіля зразумела, што ў пераследзе ўдзельнічае пазаведамасная ахова ці патрульна паставая міліцыя, — каментуе відэа Алег Воўчак. — Але гэта ж няпростая сітуацыя. Калі ў Магілёве няма сваіх, то за гэты час з Мінска на верталёце маглі прыляцець спецыялісты — адмысловая каманда, дзе ёсць снайпер. Адкуль я гэта ведаю? Бо я ўдзельнічаў у спецаперацыі па вызваленні закладніка ў турме, калі быў следчым пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска. Тады гэтым займаўся “Алмаз”. Таму ў мяне пытанне: чаму не было спецыялістаў?”
Па словах былога следчага, у Беларусі існуюць тры спецпадраздзяленні для затрымання злачынцаў у падобных выпадках: Альфа — КДБ, Алмаз — МУС, а таксама можа прыцягвацца САХР (Спецыяльны атрад хуткага рэагавання). У некаторых выпадках, калі злачынцы не ўзброеныя, напрыклад, калі трэба затрымаць наркаманаў, ці групу хуліганаў, то можа прыцягвацца АМАП, які таксама робіць гэта прафесійна.
“Заўважна, што суправаджэнне машыны ідзе непрафесійна, — працягвае глядзець відэа Алег Воўчак. — Выведка не працуе. Нехта павінен незаўважна назіраць за гэтай машынай і паведамляць па рацыі пра яе рухі. Можа нават насустрач ехаць які хлебавоз, абсталяваны ўсім неабходным, каб праглядаць сітуацыю. Але гэта ўсё павінна так быць. Бо невядома, што ён робіць. А раптам ён там закладвае бомбу. Мы ж не ведаем, чаму ён спыніўся каля гэтага дома. А можа, ён ужо забіў свайго закладніка!? Тады ўвогуле іншая аперацыя павінна быць… А мы бачым, што ўсё адбываецца спантанна, экспромтам”.
Сінім − машына злачынцы, з якой ён выскачыў
Па афіцыйных дадзеных, кіруе аўтамабілем злачынцы першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў, які прадставіўся начальнікам службы бяспекі банка, прапанаваў злачынцу памяняць на сябе іншых закладнікаў. У пэўны момант Аляксандр Васільеў здолеў спыніць машыну і выскачыць з яе разам з ключамі. На відэа бачна, як намеснік начальніка УУС бяжыць насустрач машыне міліцыі.
“Напэўна, тут трэба было рабіць сутыкненне з машынай, прыціскаць дзверы яго машыны, каб ён не мог выйсці. А два шкла з гэтага пісталета ён бы не прастрэліў… Але мы бачым, што супрацоўнікі пазаведамаснай аховы спыніліся і ў невялікім замяшанні, бо папросту не ведаюць з чаго пачынаць і як праводзіць затрыманне,” − гаворыць Алег Воўчак.
Другі аўтамабіль з праваахоўнікамі (белая “Шкода”) дзейнічае нібы правільна — блакуе выезд рабаўніка. Але ў наступны момант праваахоўнікі адкрываюць абедзве дзверы машыны і фактычна адкрываюць сябе для абстрэлу.
“Яны ж не ведаюць, а раптам гэты чалавек прафесійны забойца і снайпер, які можа з дзвюх куль іх хутка пакласці, — каментуе былы следчы пракуратуры. — Ёсць і яшчэ адна праблема, добра вядомая мне са следчай практыкі. Гэта жылы квартал. І гэта яшчэ адна прычына, каб затрымлівалі прафесіяналы. Бо кулі могуць паляцець рыкашэтам у жылыя дамы, што можа нанесці сур’ёзныя пашкоджанні простым людзям. Мы ж не ведаем, а раптам, нехта стаяў за плотам і назіраў. Можа, думалі, што кіно здымаюць. Хто-небудзь мог выбегчы паглядзець, што адбываецца, а рабаўнік падумаў бы, што гэта праваахоўнік у цывільным…”
Якасць відэа не дазваляе разглядзець дакладна, але па выкрыках міліцыі: “Зброя”, зразумела, што злачынца выходзіць з пісталетам у руках. Пачынаецца страляніна, хто страляе першы, незразумела.
“Машыны праваахоўнікаў стаяць на лініі агню, то бок злачынца знаходзіцца роўна паміж імі, — спыняе відэа эксперт. — Мы бачым, што злачынца знаходзіцца спінай да машыны з рэгістратарам і тварам да цывільнай машыны праваахонікаў. Не бачна, ці страляе ён, але бачна, што ён бяжыць у бок “цывільных”. У гэты момант у лабавое шкло службовага аўтамабіля ляцяць кулі. Я так думаю, што гэта кулі менавіта праваахоўнікаў у цывільным. Па дзірках у шкле зразумела, што ўбойная сіла куляў дастатковая, каб трапіць у галаву ці шыю праваахоўніку. То бок яны маглі падстрэліць адзін аднаго, і толькі цудам гэтага не зрабілі”.
Сінім — праваахоўнікі ў цывільным, якія вядуць агонь.
Зяленым — дзіркі ад куляў на шкле.
І зноў жа, гэта пацвярджае неабходнасць працы прафесіяналаў, якія з першага стрэлу могуць патрапіць у ногі злачынцы і абясшкодзіць яго. На відэа бачна, што адлегласці паміж праваахоўнікамі і рабаўніком невялікія. Тым не менш, чуваць не менш за 15 стрэлаў, якія не трапляюць у злачынцу, і той уцякае па дарозе.
“Такім чынам, праваахоўнікі ствараюць яшчэ адну небяспечную сітуацыю, — каментуе Алег Воўчак. — Ён пабег са зброяй па жылым сектары і адбягае даволі далёка ад праваахоўнікаў. Дзякуй богу, што яму насустрач не выходзяць людзі, якія патэнцыйна сталі б наступнымі закладнікамі. Трэба разумець, што ў гэтай сітуацыі ён ужо знаходзіцца ў стрэсавым стане і дзейнічаць будзе, як загнаная жывёла”.
На думку былога следчага, праваахоўнікі правільна зрабілі, што падбілі рабаўніка машынай. Гэта дазволіла яго часова абясшкодзіць. Але за імгненне да гэтага на відэа з’яўляецца міліцэйская машына, якая едзе насустрач злачынцу і яго пераследнікам, але ніяк не рэагуе.
“Атрымліваецца, няўзгодненасць дзеянняў. Верагодна, што ў гэтай машыне нават не ведаюць, што ідзе затрыманне, — разважае Алег Воўчак. — Калі ідзе перахоп, то перакрываюцца ўсе каналы, і ў ва ўсіх павінна быць сувязь на адной хвалі. Дарэчы, вы звярнулі ўвагу, што за ўвесь час затрымання не чуваць ніякіх прыказаў? Імправізацыйнасць і нейкая зблытанасць усёй аперацыі тлумачыцца тым, што проста няма загадаў кіраўніцтва”.
Пакуль праваахоўнікі выходзяць з машыны, злачынца падымаецца і бяжыць у бок службовага аўтамабіля. У момант, калі ён выбягае з кадра, на лабавым шкле з’яўляюцца новыя дзіркі ад куль. Падобна на тое, што гэтым разам страляе рабаўнік, але дакладна сказаць немагчыма. Паралельна агонь вядуць і праваахоўнікі ў цывільным. Стрэліць праз шкло мог і кіроўца службовага аўтамабіля, чый пісталет таксама з'яўляецца ў кадры за некалькі секундаў да стрэлаў. Ужо па-за кадрам адбываецца затрыманне, падчас якога чуваць яшчэ каля 15 стрэлаў.
“На вучэннях у іх звычайна ўсё атрымліваецца вельмі лёгка! − рэзюмуе прагляд відэа Алег Воўчак. – Бачыце, якая сітуацыя атрымалася, цудам людзі засталіся жывымі ў банку і вельмі пашансавала па дарозе ды падчас затрымання. Гэта можа сведчыць пра тое, што ў МУС ёсць праблемы з кадрамі і на раённым узроўні, і на самым высокім. Ды і ўвогуле, у такіх выпадках вылятаць на месца мусіць ці намеснік міністра, ці сам міністр. Гэта ж надзвычайная сітуацыя для Беларусі, падобнае ж не кожны дзень у нас адбываецца”.
Але на гэтым хібы ў “прафесійнай працы” праваахоўнікаў не заканчваюцца. На фота з месца затрымання, якія апублікавала спачатку міліцыя, а потым Следчы камітэт, улікі мяняюць свае парадкавыя нумары і месца знаходжання.
“Першае следчае дзеянне — агляд месца здарэння, — тлумачыць Алег Воўчак. — Апісваецца ўся інфармацыя і ўсе прадметы ў тым стане, ў якім яны знаходзіліся. Напрыклад, следчы пачынае апісанне з цела пацярпелага, затрыманага, ці каго яшчэ, і па дыяметры пачынае апісваць усё што знаходзіць, і выстаўляе гэтыя таблічкі з нумарамі. Гэта важна таму, што потым на месцы будуць працаваць іншыя эксперты, якім важна, у які бок быў павернуты пісталет, на якой адлегласці ён ляжаў і іншыя дробязі, якія вельмі важныя для следства”.
Ніхто не мае права нават кранаць прадметы на месцы здарэння пакуль іх не апіша следчы. Нават пасля, той жа пісталет можа браць толькі эксперт, які ведае, да якой часткі зброі можна дакранацца, каб не пашкодзіць магчымыя ўлікі. Але па фота мы бачым, што пісталет злачынцы не толькі мяняе парадкавы нумар, але і месцазнаходжанне. Таксама з месца здарэння знікае пустая бутэлька, якая, відаць, псавала кадр для СМІ. Гэта, на думку Алега Воўчака, вельмі непрафесійна і можа згуляць не на карысць праваахоўнікам у судзе.
Як паведамлялася раней, 20 лістапада мужчына з пісталетам зайшоў у банк на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве і спрабаваў абрабаваць яго. Калі да будынка прыбылі праваахоўнікі, нападнік узяў пяць закладнікаў і запатрабаваў аўтамабіль. На аўто з міліцыянтам, які пайшоў у закладнікі, ён паспрабаваў з'ехаць з Магілёва, але быў затрыманы. Падчас затрымання адбылася перастрэлка паміж зламыснікам і міліцыянтамі. Нападнік быў паранены ў нагу. Іншых пацярпелых няма. Паведамлялася, што нападнік — 28-гадовы грамадзянін Расіі, які толькі ў верасні 2017 года атрымаў від на жыхарства ў Беларусі.