Падрабязнасці допінгавага скандала, у які трапілі расійскія лёгкаатлеты

Падрабязнасці допінгавага скандала, у які трапілі расійскія лёгкаатлеты

У панядзелак стала вядома, што камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва рэкамендавала Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый дыскваліфікаваць Усерасійскую федэрацыю лёгкай атлетыкі за сістэматычныя парушэнні, звязаныя з выкарыстаннем спартсменамі допінгу. Агучаны даклад грунтуецца на выніках расследавання, якое пачалося ў снежні 2014-га пасля з'яўлення на нямецкім тэлебачанні фільма пра масавае выкарыстанне допінгу расійскімі лёгкаатлетамі. У ім Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый абвінавачвалася ў замоўчванні злоўжыванняў з боку Расіі. Тады ж была створана камісія, якая размаўляла з удзельнікамі падзеяў і вывучала сведчанні.

Значная частка сабранай інфармацыі была перададзена Інтэрполу для далейшага расследавання (гэта датычыць фактаў хабараў спартыўнымі чыноўнікамі). З-за гэтага частка даклада пакуль не была апублікаваная. Аднак былі агучаныя імёны пяці спартсменаў, чатырох трэнераў і аднаго лекара, у адносінах якіх камісія рэкамендуе прыняць дысцыплінарныя меры, інфармуе ВВС.

Камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва прыйшла да высновы, што ў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый і ў Расіі дапускаліся сістэматычныя парушэнні. Таму нельга казаць пра існаванне эфектыўнай расійскай антыдопінгавай праграмы. Камісія прапанавала як мага хутчэй адклікаць акрэдытацыю ў маскоўскай лабараторыі РУСАДА і звольніць яе кіраўніка Рыгора Родчанку (ім было знішчана 1400 пробаў). Дарэчы, Родчанка ўсе абвінавачанні абвяргае. Тым часам Усерасійскую федэрацыю лёгкай атлетыкі чакае прыпыненне дзейнасці. Было заяўлена, што шматлікія выпадкі выкарыстання расійскімі спартсменамі допінгу пацвярджаюцца аўдыё- і відэа сведчаннямі, навуковымі даследаваннямі і паказаннямі сведкаў.

Сцвярджаецца, што трэнеры нярэдка маніпулявалі допінг-тэстамі, былі ініцыятарамі прыёму лёгкаатлетамі допінгу, пастаўлялі ім забароненыя прэпараты. Яны гаварылі спартсменам, што допінг прымаецца па ўсім свеце. Адзначаецца, што калі спартсмены адмаўляліся ад допінгу, яны не маглі спадзявацца, што іх будуць трэніраваць лепшыя трэнеры, а часам іх не ўключалі ў склад зборнай.

Камісія заявіла, што падчас Алімпіяды ў Сочы ў антыдопінгавай лабараторыі прысутнічалі прадстаўнікі ФСБ Расіі і гэта стварыла "атмасферу страху". Гэты факт лічыцца пацверджаннем умяшання ўладаў у спартыўныя мерапрыемствы. Многія вынікі тэстаў маскоўскай лабараторыі цяпер выклікаюць сур'ёзныя сумненні. Яе кіраўнік, нібыта, за грошы абяцаў не агучваць інфармацыю пра станоўчыя допінг-тэсты.

Міністр спорту Расіі Віталь Мутко, якога камісія падазрае ў дачыненні да допінг-скандалу, заявіў, што Расія ніколі не замоўчвала праблемы з допінгам. Паводле яго слоў, абвінавачваць дзяржструктуры з-за ўчынкаў асобных спартсменаў неправамерна. Мутко паабяцаў, што Расія вывучыць даклад і дасць адказ на ўсе абвінавачанні.

Такім чынам, расійскіх лёгкаатлетаў могуць пазбавіць магчымасці ўдзельнічаць у Алімпіядзе 2016 года.

Здымак з архіву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі