Падстрахоўка на выпадак санкцый: чаму Нацбанк вязе свае грошы ў Беларусь
Нацыянальны банк / Еўрарадыё
Нацыянальны банк здымае грошы з валютных рахункаў за мяжой і перавозіць іх у Беларусь. За лістапад замежныя дэпазіты Нацбанка скараціліся на $ 611 млн, а наяўных грошай у беларускіх сховішчах стала на $ 361 млн больш.
Цяпер за мяжой у валюце засталося $2,933 млрд. То бок, за месяц Нацбанк вывеў шостую частку дэпазітаў.
Еўрарадыё запыталася ў эксперта, што гэта можа значыць.
"Нацбанк разумее, што санкцыі не жарты"
Нацбанк досыць часта мяняе структуру сваіх рэзерваў, адзначае акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
— Гэта хутчэй не прыйшоў цыркуляр ў Нацбанк: "Рыхтуйцеся да адключэння ад SWIFT або адключэння знешніх рахункаў". Проста яны, назіраючы агульную сітуацыю, прымаюць досыць рацыянальнае рашэнне мінімізаваць рызыкі і перакласці свае рэзервы з тых месцаў, дзе яны сапраўды могуць трапіць пад санкцыі. Бо Нацыянальны банк быў пералічаны як адна з магчымых мэтаў амерыканскіх санкцый. Ён трапіў ва ўказ Байдэна па санкцыях.
Гэта не азначае, што санкцыі ЗША абавязкова будуць, але пры неабходнасці ўвесці іх можна хутка.
— Нават без усялякай канспіралогіі пра адключэнне ад SWIFT лагічна так паступіць. Нацбанк ўбачыў, што санкцыі не жарты. Цяпер вырашае арганізаваць усё так, каб у выпадку ўвядзення санкцый іх эфект быў меншым.
Звычайна санкцыі ЗША маюць на ўвазе замарозку фактычна ўсіх актываў у далярах. Таму, думаю, што Нацбанк разглядае гэта як цалкам рэальную рызыку, — падсумоўвае Кацярына Барнукова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.