Падтрымкай беларускіх палітвязняў будзе займацца міжнародны фонд — Ціханоўская
Святлана Ціханоўская ў Варшаве, 23 студзеня 2023-га / Еўрарадыё
Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі працуе над адкрыццём міжнароднага фонду, які зоймецца выключна падтрымкай беларускіх палітвязняў. Пра гэта ў панядзелак на сустрэчы ў Варшаве заявіла Святлана Ціханоўская.
"Тэма рэабілітацыі палітзняволенных вельмі нас хвалюе, — кажа яна. — У Літве ёсць рэабілітацыйныя праграмы для палітзняволенных. Яны адзінкавыя і не пастаўленыя на паток. Мы разумеем, што аднойчы выйдуць усе палітвязні. Людзям трэба будзе аказаць падтрымку. Ім трэба будзе пачынаць жыццё з нуля. Мы працуем на адкрыццё міжнароднага фонду, які будзе займацца падтрымкай палітвязняў. Мы разумеем, што зараз большасць падтрымкі — гэта данаты, а данатаў становіцца менш. Таму мы хочам, каб гэта атрымалася на дзяржаўным узроўні. Каб некалькі краін аб’ядналіся і маглі дапамагаць грашыма менавіта палітвязням".
Нядаўна Ціханоўская ўжо анансавала стварэнне фонду падтрымкі палітвязняў. Адбылося гэта пасля з'яўлення ліста групы іх сваякоў, якія лічаць, што для вызвалення гэтых людзей робіцца недастаткова высілкаў. У Беларусі на сённяшні дзень 1438 палітзняволеных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.