Паэт Славамір Адамовіч асуджаны на 2 гады хатняй "хіміі"
Паэт Славамір Адамовіч асуджаны на 2 гады хатняй "хіміі" (абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення). Такое рашэнне 22 сакавіка вынес Пухавіцкі раённы суд. Адамовіча прызналі вінаватым у крадзяжы маёмасці. Абскарджваць прысуд ён не будзе, інфармуе Радыё Свабода.
Славамір Адамовіч у лістападзе-снежні мінулага года неаднаразова пранікаў на чужое лецішча ў вёсцы Цагельня і вынес адтуль больш за 30 розных прадметаў (рыбалоўную сетку, рогі лася, дзве падушкі, гумавыя боты і г. д.), кошт якіх ацэнены на 300 рублёў. Амаль усе рэчы былі вернутыя гаспадару (дзве рэпрадукцыі карцін паэт спаліў у печы). Сваю віну Адамовіч у судзе прызнаў, патлумачыў свае дзеянні патрэбай "атрымаць псіхалагічную разрадку". Ён папрасіў прабачэння ва ўладальніка лецішча, які не выстаўляў іск за матэрыяльныя і маральныя страты.
Адамовічу 57 гадоў. Ён — вядомы паэт, грамадскі дзеяч. У 1990-я гады кіраваў арганізацыяй "Правы рэванш". У 1996-1997 гадах правёў 10 месяцаў у зняволенні за напісаны рускамоўны верш "Убей президента!". У 2002 годзе з'ехаў у Нарвегію, дзе атрымаў палітычны прытулак. Аднак у 2009-м вярнуўся ў Беларусь.