Паэта Славаміра Адамовіча судзяць за крадзеж ботаў, дыванка, 41 елачнай цацкі

Паэта Славаміра Адамовіча судзяць за крадзеж ботаў, дыванка, 41 елачнай цацкі

У Пухавіцкім раённым судзе пачаўся працэс над паэтам Славамірам Адамовічам. Яго вінавацяць за крадзеж маёмасці з пранікненнм у жытло, перадае Радыё "Свабода". Адамовіч знаходзіцца пад хатнім арыштам, яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. 

Адамовіч цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў у пацярпелага прабачэння за зробленае. Пацярпелым прызнаны Сяргей Ляшчынскі, які мае дом у вёсцы Цагельня Пухавіцкага раёну. У гэтай жа вёсцы жыве і Славамір Адамовіч.

Паэт заявіў, што палічыў дом закінутым і ў адну з начэй у лістападзе 2018 года забраўся ў яго, узламаўшы замок ломам. З дома і хлява да 16 снежня 2018 году ён скраў больш за 20 рэчаў на агульную суму 300 рублёў.

Спіс скрадзенага, паводле матэрыялаў следства:

рыбалоўная сетка;
плашч-палатка;
рыдлёўка;
2 драўляныя крэслы;
гумавыя боты;
трумо;
армейскі кіцель;
куртка;
2 падушкі;
фатэль;
рогі лася;
куфар;
палявая торба;
5 талерак;
5 кубкаў;
8 чарак у выглядзе рыбак;
рулон шпалераў;
кружэлкі;
41 елачная цацка;
2 карціны;
дамкрат;
2 гукавыя калонкі;
штора;
кажушок;
дывановая дарожка.

На судзе Адамовіч прызнаў, што скраў гэтыя рэчы. Ён адмовіўся толькі ад крадзяжа электрарухавіка.

Паэт патлумачыў свой учынак тым, што працаваў у сваім доме над літаратурным творам і прыгадаў, як яго затрымалі 25 сакавіка 2018 года ў Мар’інай Горцы. Тады яго пратрымалі 9 гадзін у міліцыі і нібыта вінавацілі ў датычнасці да крадзяжоў з аднаго дома і падпалу другога. Гэтыя ўспаміны, заявіў літаратар, не давалі яму супакоіцца і працягнуць пісаць. Крадзеж, па словах Адамовіча, быў "формай псіхалагічнай разрадкі". Ён дадаў, што калі забраўся ў дом Ляшчынскага, дык спадзяваўся, што "вось-вось прыйдзе гаспадар, і гэта мяне спыніць, але той не прыходзіў".

Пацярпелы Сяргей Ляшчынскі працуе ў Мінску ў Дзяржкамітэце экспертыз. Па яго словах, у доме быў суцэльны пагром і знікла шмат рэчаў: "Уявіце: велізарны куфар неяк выдралі са сцяны, трумо, вялікія крэслы — як гэта магчыма было выцягнуць?! Сляды ад валачэння куфра цягнуліся ад дома да яра. Жах!"

Пацярпелы адмовіўся ад маральных прэтэнзій да Адамовіча, бо той вярнуў большасць крадзеных рэчаў. Ляшчынскі дадаў, што застаўся без дзвюх рэпрадукцый карцін (паводле матэрыялаў справы, Адамовіч спаліў іх у печы) і музычнага прайгравальніка "Вега", які перастаў працаваць. 

Паводле экспертызы, псіхічнай хваробы ў Адамовіча не было.

Раней паэт заяўляў журналістам, што ягоная справа сфабрыкаваная і мае палітычны падтэкст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі