Пагадзіўся на ўсё: адмін буйнога пабліка расказаў, як да яго прыйшоў "Камітэт"

Паблік "НЕтипичный Витебск" / скрыншот "ВКонтакте"
Паблік "НЕтипичный Витебск" / скрыншот "ВКонтакте"

"Калі я быў уладальнікам групы і ў ёй было крыху больш за 20 тысяч удзельнікаў, у паведамленні пастукаўся чалавек, які задаў пытанне: "Ці разумееш ты, што група больш не твая, а гарадская?" — так у цяпер ужо былога ўладальніка буйнога пабліка "НЕтипичный Витебск" Руслана (імя змененае) з'явіўся куратар. Нядаўна хлопец прадаў суполку. А пасля гэтага расказаў газеце "Витебский курьер", як таямнічы "Камітэт", пра які вядома ўсім адміністратарам больш-менш буйных суполак у сацсетках, змушае ўладальнікаў займацца прапагандай і прапануе за гэта грошы.
 

Мяккая прапаганда

Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў на Руслана выйшаў чалавек, якога хлопец называе "назіральнікам" з "Камітэта". Той даў зразумець: калі ён будзе паводзіць сябе правільна, калі на паблік падпішацца 100 тысяч чалавек, то ён ні ў чым не будзе сабе адмаўляць. Хлопец вырашыў паглядзець, што будзе далей, і пагадзіўся супрацоўнічаць.

Па яго словах, ён меў выдатныя зносіны з "назіральнікам", пакуль той не намякнуў, што яго "дрэнныя калегі" хочуць уплываць на тое, што адбываецца ў суполцы. Паралельна праз публікацыі Руслана нехта напісаў заяву ў міліцыю. Ходу справе не далі, але "званочак" празвінеў.

Согласился на всё: админ крупного паблика рассказал, как к нему пришёл “Комитет”

Былы адмін успамінае, што знаёмства з "дрэннымі калегамі" пачалося з поўнага дэжавю. Яму зноў расказалі, як добра яму будзе, калі на паблік падпішацца 100 тысяч чалавек. 

"Усё гэта суправаджалася непрыхаванай ліслівасцю, ад якой проста ванітавала, але адмаўляцца было неразумна, бо перад вачыма маячыла поўнае адкрыццё кухні", — тлумачыць Руслан.  

Прапаганда пачалася з паведамленняў пра тое, што Літва перашкаджае беларусам развіваць сваю ядзерную энергетыку.

"Гледзячы на гэтыя мілыя допісы пра тое, што Беларусь будуе найлепшую ў свеце станцыю, а ёй проста зайздросцяць, нельга было не прасякнуцца, — успамінае экс-адміністратар. — Не трымаючы свечку над будаўніцтвам станцыі, але разумеючы ўсе яе плюсы для агульнай будучыні, я з радасцю прыняў такую прапаганду".

Согласился на всё: админ крупного паблика рассказал, как к нему пришёл “Комитет”
Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Да таго часу, пакуль на групу не падпісалася 50 тысяч чалавек, ніхто не забараняў яму што-небудзь публікаваць. Але калі ён посціў нешта з крытыкай уладаў, яму настойліва раілі праверыць інфармацыю.
 

Дапамога ад "Камітэта"

Асаблівая ўвага ў суполцы аддавалася народным навінам. Карыстальнікі дасылалі інфармацыю пра тое, што ў горадзе нешта не так. Гэтыя допісы публікаваліся, потым у справу ўступаў "Камітэт" з загадам выправіць сітуацыю, бо на гэта звяртаюць увагу жыхары горада.

Хлопца падкупіла магчымасць змяняць жыццё гараджан да лепшага.

"Колькі ўсяго было ліквідавана простым апублікаваннем інфармацыі — не злічыць. Таму ўсю дзейнасць "Камітэта" і "назіральніка" над паблікам я лічыў выключна народнай. Але гэта было да выбараў 9 жніўня", — кажа Руслан.
 

Пагадзіўся на ўсё

Руслан расказвае, што прыкладна за месяц да выбараў яму прапанавалі грошы за выдаленне праўдзівай інфармацыі. Ён выдаліў без пытанняў — з пачуцця падзякі за тое добрае, што "Камітэт" рабіў для горада. Але потым просьбы сталі паўтарацца.

"Калі шчыра, я нават сам сабе дакладна не магу растлумачыць матывацыю, чаму далей пагадзіўся на ўсё. Напэўна, гэта была крыўда, і мне захацелася даведацца паднаготную. Аддзелу, які займаецца прапагандай, я даў карт-бланш на размяшчэнне любых допісаў у групе. І яны перасталі саромецца. Яны посцілі такую лухту, што ад яе несла дзярмом за кіламетр, і ў яе немагчыма было паверыць", — кажа ён.

Руслан расказвае, што падабайкі пад каментарамі "Бацька маладзец" ставяцца з сэрвісаў накруткі рандомнымі карыстальнікамі. Сярод тых, хто лайкае, — "жыхары" Сургута, Магадана, Цверы. Словам, хто хочаце, але толькі не жыхара Віцебска. На фэйкавых старонках ёсць фота з шашлыкоў, паездак у лазню, на мора і гэтак далей.
 

Согласился на всё: админ крупного паблика рассказал, как к нему пришёл “Комитет”

Чым усё скончылася 

Па словах Руслана, перад самымі выбарамі яго папрасілі не посціць нічога жорсткага пра ўладу — і ён даў абяцанне, што не будзе. Потым адключылі інтэрнэт. Хлопец больш шчыльна пазнаёміўся з тэлеграмам, дзе з'явілася інфармацыя пра збіццё людзей.

"Я з цяжкасцю вытрымаў гэтыя двое сутак, па заканчэнні якіх напісаў свайму куратару, што з гэтага моманту бяру адказнасць на сябе і выдаляю ўсіх з адмінаў, — кажа ён. — Хочаце працягваць верыць сацсеткам і "сапраўдным людзям" у каментарах пад допісамі? Калі ласка! Як кажуць, кожны робіць свой выбар".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі