Паказы маіх фільмаў адмяніў Мінкульт Беларусі — Аляксандр Сакураў
Аляксандр Сакураў
Паказы фільмаў Аляксандра Сакурава "Сонца" і "Казка" ў мінскім кінатэатры Falcon Club адмененыя Міністэрствам культуры Беларусі. Пра гэта рэжысёр заявіў у каментары інфармагенцтву РБК.
Як распавядала Еўрарадыё, паказы былі прызначаныя на 11-13 сакавіка. Акрамя Сакурава свой фільм "Хлопчык рускі" меўся прадставіць яго вучань Аляксандр Залатухін. Але ў Falcon Club заявілі, што паказы адмяняюцца "па тэхнічных прычынах".
"Я не сумняваўся, што прагляды адменяць. Гэта не рашэнне — адмена. Ніякай тэхнічнай прычыны. Але я не думаў, што так шмат у Беларусі бруду ў інтэрнэце. Нейкі асаблівы бруд. Дурное, што мясцовы Мінкульт сам не дазволіў паказаць сваім маладым кінематаграфістам цікавыя прыклады мастацкай працы", — заяўляе Сакураў.
Супраць паказаў фільмаў Сакурава актыўна выступілі дзяржпрапагандысты Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін. Азаронак назваў Сакурава "відавочным праціўнікам СВА (вайны супраць Украіны. — Еўрарадыё) і ўсяго, што з гэтым звязана". Таксама ён прыгадаў, што Сакураў негатыўна выказваўся пра беларускую дыктатуру і казаў, што Расіі не патрэбная Саюзная дзяржава.
Аляксандр Сакураў публічна крытыкуе расійскія ўлады. Паказ ягонага фільма "Казка" ў кастрычніку летась на фестывалі "Каро.Арт" у Маскве быў забаронены Міністэрствам культуры. Пасля гэтага расійскі Мінкульт увогуле забараніў пракат стужкі, аднак яна даступная для прагляду на YouTube і іншых сэрвісах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.