Пахаванне Аляксея Навальнага прызначылі на 1 сакавіка

Расійскі апазіцыянер пражыў 47 гадоў

Расійскі апазіцыянер пражыў 47 гадоў / Reuters

Пахаванне расійскага апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага прызначылі на 1 сакавіка. Цырымонія адбудзецца на Барысаўскіх могілках у Маскве. Адпяванне пройдзе ў той жа дзень у царкве ў Мар'іне, пачнецца а 14-й гадзіне, паведамляе novayagazeta.eu.

Раней меркавалася, што пахаванне пройдзе 29 лютага. Але "дзіўным чынам" у дзень звароту Уладзіміра Пуціна да Федэральнага сходу не знайшлося ніводнага вольнага магільшчыка. 

Каманда Навальнага паведаміла, што па-ранейшаму не можа знайсці залу для развітання з палітыкам. Вядома, што ў памяшканні адмовілі нават апазіцыйныя штабы і партыі.

Аляксей Навальны — вядомы палітычны апанент Пуціна. У 2020-м яго атруцілі ў Расіі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося ўжо ў аэрапорце). У 2022-м яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў. Яго 27 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Пра смерць Навальнага ў калоніі афіцыйна паведамілі 16 лютага. Яму было 47 гадоў.

Расійскія сілавікі патрабавалі, каб маці Аляксея Навальнага таемна пахавала сына без развітання.

28 лютага ў Еўрапарламенце выступіла Юлія Навальная. Яна заявіла, што Уладзімір Пуцін павінен адказаць і за забойства Аляксея, і за тое, што зрабіў з Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі