"Пакуль зачытвалі прысуд, дзед плакаў": як жыве сям'я Арцёма Баярскага

Арцём Баярскі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Арцём Баярскі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Барыс Баярскі ў жніўні 2020 года галасаваў за стабільнасць. У чацвер, 9 снежня, яго сям'я другі раз у жыцці ўбачыла, як ён плача.

Першы раз Барыс Юдэлевіч плакаў дваццаць гадоў таму на пахаванні бацькі. Другі — у часе абвяшчэння прысуду свайму ўнуку, Арцёму Баярскаму.

У той дзень суд сказаў, што Арцём вінаваты ў парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. І прысудзіў яго да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з Арцёмам гэты тэрмін рыхтуецца адбываць уся сям'я.

Бацькі, малодшы брат Саша, бабы і дзяды — усе яны будуць жыць чаканнем спатканняў з Арцёмам. Яны будуць па ўсім Гродне шукаць яго любімыя сушаныя клубніцы, каб пакласці яе ў перадачу. Яны будуць рэгулярна прыбірацца ў яго пустым пакоі. Яны не памятаюць, што хутка Новы год.

Замест штотыднёвых сямейных сустрэч у пятніцу іх час запоўняць сустрэчы з адвакатам. Таму што сям'я Баярскіх усё яшчэ спадзяецца на апеляцыю і верыць, што Арцёму не давядзецца правесці ў зняволенні агучаныя суддзёй пяць гадоў.

 

Дзед Барыс

Лакацыя: Мінскі гарадскі суд

Раніцай 9 снежня Барыс Юдэлевіч выехаў з Гродна ў Мінск. Мінскі гарадскі суд у той дзень выносіў прысуд яго ўнуку.

Той раніцай Барыс Юдэлевіч верыў, што Арцёма апраўдаюць. Дзядуля ведаў, што яго ўнук — таленавіты студэнт, лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі. Ліст у яго падтрымку падпісалі 47 акадэмікаў Расійскай акадэміі навук. Яшчэ дзед ведаў, што яго ўнук не можа быць экстрэмістам.

“Пока зачитывали приговор, дедушка плакал”: как живёт семья Артёма Боярского
Арцём Баярскі ў дзяцінстве / фота з сямейнага архіва

— Гэты прысуд ударыў па здароўі бабуль і дзядуляў. Ударыў добра. Пяць гадоў. Такога не было нават у найгоршых нашых сцэнарах. Цяжэй за ўсіх рашэнне суда далося дзеду, які галасаваў за стабільнасць. Пакуль зачытвалі прысуд, дзядуля ўвесь час плакаў. Пасля суда яму стала дрэнна. З Божай дапамогай даехалі дахаты, — расказвае нам мама Арцёма Вольга.

У часе абвяшчэння прысуду Арцём бачыў, у якім стане быў дзед. І калі на наступны дзень сустрэўся на спатканні з мамай, першым чынам загаварыў не пра сябе. Ён папрасіў, каб бацькі, бабулі і дзядуля "не засмучаліся", тады і яму самому будзе лягчэй.

 

Мама Вольга

Лакацыя: Мінскі гарадскі суд

Суд над Арцёмам быў закрыты. Вольга не чула апошняга слова сына. У залу суда яна змагла трапіць толькі на абвяшчэнне прысуду. Тады Вольга ўпершыню ўбачыла свайго дваццацігадовага Арцёма ў жалезнай клетцы, у кайданках.

— Разумееце, якое гэта відовішча? Бачыць дзіця, якое ты гадаваў, у якое ўкладваў душу, — за кратамі. Гэта дзіка: як быццам ён звер, як быццам ён нейкі драпежнік. Бачыць гэта было вельмі цяжка. Але сам Арцём настроіў сябе так: гэта выпрабаванне, якое трэба прайсці. Ён трымаўся вельмі годна. І думаў не пра сябе — ён думаў пра нас.

Я ведаю, што Арцём спадзяваўся: яго вызваляць. Мяне могуць папракнуць у наіўнасці, але я мераю сваімі меркамі, гляджу на людзей праз прызму свайго светапогляду. І таму мне таксама здавалася, што сумленне, міласэрнасць павінны ўзяць верх. І калі ты верыш у гэта — ты верыш і ў справядлівасць.

 

“Пока зачитывали приговор, дедушка плакал”: как живёт семья Артёма Боярского
Вольга з сынамі — Арцёмам і Сашам / фота з архіва сям'і Баярскіх

Калі Вольга сустрэлася з сынам у пакоі для спатканняў, Арцём адразу ж спытаў, чаму на прысуд не прыехала баба Наташа.

— Баба Наташа — гэта мая мама, — тлумачыць Вольга. — У ноч перад судом у яе падняўся ціск, не маглі стабілізаваць. Проста баяліся браць яе на суд. Пра прысуд ёй расказала мая сястра. Мы вырашылі не паведамляць па тэлефоне — трэба было, каб хтосьці быў з мамай побач у гэтую хвіліну.

 

Баба Наташа

Лакацыя: Гродна

Наталля Уладзіміраўна кожны дзень моліцца за ўнука.

Яна адзіная ў сям'і, хто не верыў у апраўдальны прысуд Арцёму. Яшчэ да таго, як сям'я паведаміла ёй пра рашэнне суда, яна прачытала пра яго ў інтэрнэце. А перш прачытала пра многія іншыя прысуды і ведала, што з яе ўнукам суд наўрад ці абыдзецца мякчэй, чым з іншымі.

— Я кожны дзень чытаю пра іншыя сем'і — як яны пражываюць такое? Чытаю пра лекараў, пра студэнтаў, пра журналістаў. Чытаю, як яны імкнуцца з годнасцю пераносіць нягоды, якія ім выпалі. Калі ўжо дасталося гэта і табе, трэба сустрэць так, каб пасля сказаць самім сабе: мы выстаялі, мы вынеслі ўсё годна, мы падтрымлівалі адно аднаго.

Часам хочацца плакаць і сумаваць, але гэтым мы Арцёму не дапаможам. А калі мы будзем згуртаваныя, то станем для яго маральнай апорай. І мы молімся за яго кожны дзень. Запальваем свечку, чытаем акафіст. Нам хочацца, каб ён адчуваў і гэтую духоўную падтрымку.

У сям'і Арцёма часта кажуць "мы".

— Нам заўсёды было цікава адно з адным. Нам заўсёды было пра што пагаварыць. Арцём заўсёды бачыў толькі любоў. Ён ніколі не бачыў скандалаў, ніколі не чуў лаянкі. І цяпер мы так чакаем сустрэчы з ім. Чакаем магчымасці сесці з ім за стол, накарміць яго, пагаварыць з ім, абняць яго, пацалаваць.

“Пока зачитывали приговор, дедушка плакал”: как живёт семья Артёма Боярского
Арцём Баярскі з сям'ёй у дзяцінстве / фота з сямейнага архіва

Калі Наталля Уладзіміраўна прыходзіць у цырульню, ёй кажуць словы падтрымкі. Калі сустракае былых калег, чуе тое самае: мы вас падтрымліваем, мы вам спачуваем, мы ведаем, які ваш Арцём. Яе сяброўкі пішуць Арцёму лісты.

Лісты піша і сама Наталля Уладзіміраўна. У іх яна расказвае ўнуку пра свайго бацьку, прадзеда Арцёма Уладзіміра Дубровіна, ветэрана Вялікай Айчыннай. Ён памёр, калі праўнуку было сем гадоў. Мясцовая газета расказвала яго гісторыю. Лейтэнант, які пайшоў на фронт у 17 гадоў, выратаваў сотні жыццяў.

“Пока зачитывали приговор, дедушка плакал”: как живёт семья Артёма Боярского
Гісторыя прадзеда Арцёма ў мясцовай газеце / фота з сямейнага архіва

— Я расказваю Арцёму пра прадзеда ў лістах. Ведаеце, звычайна здаецца, што ў цябе яшчэ будзе час нешта спытаць, даведацца, нешта абмеркаваць. І ты многае адкладаеш, думаючы, што ў цябе яшчэ будзе час пагаварыць пра важнае заўтра. А потым выходзіць, што заўтра ўжо няма. І здаецца, ты б хацеў і тое, і гэта спытаць — і не можаш гэтага зрабіць, — кажа Наталля Уладзіміраўна. — Таго, што мой бацька расказваў пра вайну, таго, што я цяпер расказваю ў лістах Арцёму, няма ў кніжках. Бацька расказваў, як заставацца чалавекам, як не ўзлавацца, як не пранікнуцца ні нянавісцю, ні недаверам.
 

Прадзед Уладзімір Дубровін

[расказвае Наталля Уладзіміраўна]

Наталля Уладзіміраўна дзеліцца з намі адным з эпізодаў, які апісвала ў лістах.

— Пасля вайны бацька быў камендантам невялікага гарадка. Гэты горад перадавалі Польшчы. Да бацькі як да каменданта прыйшлі нямецкія жанчыны. Яны плакалі і казалі: палякі нас выганяюць, не даюць нават забраць з дамоў фатаграфіі. Тата сказаў: тое, што можаце панесці ў руках — валізкі, мяшкі, вузлы, — забірайце з сабой. Хоць гэта ворагі, немкі, жонкі тых, хто іх забіваў. Наколькі ж трэба быць чалавечным, каб так зрабіць. Вось такі быў тата.

Калі ў Гродне праходзіў "Несмяротны полк", Арцём разам са сваякамі хадзіў на акцыю з партрэтам Уладзіміра Дубровіна. Пасля акцыі сям'я ехала на могілкі, дзе пахаваны прадзед. Прывозілі кветкі, запальвалі лампадкі. Так праходзіла кожнае 9 траўня.

— Гэта заўсёды было вялікае свята. Калі таты не стала, мы працягнулі ў гэты дзень збірацца дома.

Кожны год мы дастаём яго пінжак з ордэнамі, мы дастаём яго партрэт, мы пра яго гаворым, мы яго ўспамінаем. Для нас дзень 9 траўня заўсёды быў вельмі вялікім святам, — кажа Наталля Уладзіміраўна.

А мама Арцёма дадае:

— Іншы прадзед Арцёма быў габрэем, ён адзіны з вялікай сям'і застаўся ў жывых пасля Вялікай Айчыннай, займаўся аднаўленнем гродзенскай Харальнай сінагогі.

У краіне так любяць ганарыцца подзвігамі беларусаў, якія яны здзейснілі ў гады вайны. Але што ж вы робіце з нашчадкамі гэтых герояў?

 

Малодшы брат Саша

Лакацыя: сёмая кабінка для спатканняў

Раней на вакацыях Саша шмат часу праводзіў са старэйшым братам. Гэтае лета ён праседзеў дома.

“Пока зачитывали приговор, дедушка плакал”: как живёт семья Артёма Боярского
Арцём і яго малодшы брат Саша ў дзяцінстве / фота з сямейнага архіва

На абвяшчэнне прысуду ў залу суда Сашу не ўпусцілі — яму яшчэ няма шаснаццаці гадоў. Ён ведаў, што яго не прапусцяць, але ўсё роўна паехаў з бацькамі ў Мінск. Калі дзверы залы адчыняліся, ён паспеў убачыць Арцёма ў клетцы, перасекся з ім позіркам.

Калі бацькі расказалі Сашу пра прысуд, ён заплакаў.

Праз тыдзень ён усё ж змог пабачыцца з братам: дазволілі спатканне. Сашу ў той дзень вельмі ўразілі інтэр'еры: масіўныя дзверы, як у страшнай сярэднявечнай казцы, адчыняюцца такім самым масіўным ключом з велізарнай звязкі.

А яшчэ вузка, цесна, ніякай інтымнай абстаноўкі — усе, хто прыйшоў на спатканне з блізкімі, чуюць адно аднаго.

А Арцёма ўразіў голас Сашы. За тыя месяцы, што яны не бачыліся, голас брата пачаў ламацца. Калі б яны гаварылі па тэлефоне, Арцём бы яго не пазнаў.

— Мы з Арцёмам абмеркавалі школу, навіны горада і свету. У асноўным я яму расказваў, што адбываецца. Мне здаецца, ён змяніўся за гэты час. Стаў больш любіць сям'ю.

Калі Арцёма вызваляць, мы хочам усе разам паехаць адпачываць — у Еўропу ці ў Турцыю на мора, — расказвае Саша.

Ён намаляваў для брата сцягі тых краін, якія хацеў бы паглядзець разам з ім. Арцём гэты малюнак змог убачыць толькі праз шкло — на спатканні. І дадаў да гэтага спіса Харватыю і Чарнагорыю: ён чуў, што там вельмі прыгожая прырода, і хацеў бы ўбачыць гэтыя мясціны.

 

Бацька Юрый Барысавіч

Лакацыя: сёмая кабінка для спатканняў

Сям'я не была ў адпачынку тры гады. Спярша адпачынку перашкодзіла паступленне Арцёма ў ВНУ, потым — каранавірус. Юрый Барысавіч спадзяваўся, што ўлетку 2021 года нарэшце зможа павезці сям'ю на адпачынак. Увесну яго сына затрымалі. І год быў напоўнены не адпачынкам, а зборам перадач і сустрэчамі з адвакатамі, якія для сям'і ўжо сталі штодзённасцю.

“Пока зачитывали приговор, дедушка плакал”: как живёт семья Артёма Боярского
Юрый Баярскі з сынамі / фота з сямейнага архіва

Праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду Юрый нарэшце змог трапіць на спатканне да сына, упершыню за дзевяць месяцаў пагаварыць з ім. Да затрымання ўся сям'я ведала Арцёма як вельмі мяккага, уразлівага чалавека. Цяпер яны ўбачылі яго іншым.

Што ў Арцёме столькі ўнутраных сіл, не ведаў ніхто.

— Вонкава ён такі самы, якім быў, калі яго затрымлівалі, а ўнутрана моцна змяніўся. Гэта новая, нечаканая якасць майго сына, якая раскрылася ў такіх цяжкіх умовах: ён, выявілася, умее і сам трымацца, і нас падтрымліваць.

Не ведаю, як ён знаходзіць сілы. Але дзякуючы гэтаму яго настрою сустрэча цяжкага ўражання не пакінула — было прыемна яго ўбачыць, пачуць.

 

У памяшканні, дзе праходзіць спатканне, вісіць спіс забароненых тэм. Таму, напрыклад, сям'я дагэтуль не ведае, хто сядзіць з Арцёмам у камеры.

— Хацелася б спытаць пра ўмовы ўтрымання, пра тое, што за людзі з ім сядзяць, якія ўзаемаадносіны з імі склаліся. Нельга. Пра што гаварылі? Мы расказвалі яму сямейныя навіны, ён расказваў, пра што чытаў у кнігах.

Арцём шмат чытае. Перачытвае Святое Пісьмо і амаль у кожным лісце дадому задае маме пытанні, просіць дапамагчы з тлумачэннем прыпавесцяў. Нядаўна засеў за "Майстра і Маргарыту". Але з чытаннем усё няпроста: кнігі можна атрымаць толькі з мясцовай бібліятэкі. Проста пакласці іх у перадачу нельга — і гэта сур'ёзная праблема для таленавітага студэнта.

Каб хоць неяк перамагчы інфармацыйны голад у камеры, бацькі падпісалі Арцёма на навуковыя часопісы — але гэта могуць быць толькі беларускія і расійскія выданні.

— Немагчымасць паўнавартасна інтэлектуальна развівацца — гэта вельмі вялікая праблема. Стараемся спраўляцца: яго аднакурснікі дасылалі нам задачы з алімпіяд па хіміі, а мы адпраўлялі іх Арцёму. Шкада, што нельга перадаць яму дастатковы аб'ём навуковай літаратуры па спецыяльнасці — распрацоўцы лекавых прэпаратаў.

 

Арцём

Лакацыя: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Арцём — хімік у трэцім пакаленні. Сям'я вельмі ганарылася тым, што ён паступіў у БДУ, што ён будзе распрацоўваць лекі, займацца карыснай справай.

Арцём чатыры разы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. І баяўся, што да таго часу, як скончыць універсітэт, у свеце ўжо прыдумаюць усе лекі — і на яго долю не застанецца адкрыццяў.

“Пока зачитывали приговор, дедушка плакал”: как живёт семья Артёма Боярского
Арцём Баярскі / spring96.org

Мінулай восенню Арцём адседзеў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Другі раз яго затрымалі ў сакавіку 2021 года.

Неўзабаве ў адным з тэлеграм-каналаў было апублікавана відэа. У ім Арцём прызнаецца ў адміністраванні пабліка, прызнанага экстрэмісцкім. Адвакату Арцём прызнаўся ў іншым: яго "матывавалі" запісаць гэта відэа дубінкамі — білі па спіне і ягадзіцах.

У завядзенні крымінальнай справы супраць супрацоўніка ГУБАЗіК Цэнтральны райаддзел СК адмовіў. Арцёма ж прызналі вінаватым — у "стварэнні і кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем", а таксама "ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Арцём марыў дапамагаць людзям. Цяпер яму самому патрэбная дапамога — як мінімум медыцынская. У яго праблемы з сэрцам — дысплазія аартальнага клапана. Хоць бы раз на год ён павінен праходзіць медабследаванне. Але нават на тое, каб дамагчыся банальнага візіту да стаматолага, пайшло некалькі месяцаў.

На спатканні бацькі заўважылі, што ў Арцёма ўжо некалькі месяцаў не спыняецца кашаль. Бабы і дзед звярнулі ўвагу на праблему са скурай: у камеры ў яго выявілася алергія.

А Арцём на кожным спатканні звяртае ўвагу не на сябе, а на блізкіх. І просіць іх не пра сушаныя клубніцы, якія яны, зразумела, знойдуць, нават калі давядзецца шукаць па ўсім горадзе.

Ён просіць іх пра нешта нашмат больш складанае: "Калі ласка, не засмучайцеся".

Бацькі Арцёма Баярскага: "Немагчыма змірыцца з тым, што гэта не скончыцца хутка"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі